ГУБАЗіК затрымаў «язычнікаў-нацыстаў» у Магілёве

Супрацоўнікі ГУБАЗіК пры падтрымцы атрада спецназа «Гром» затрымалі траіх жыхароў Магілёва. У дачыненні да іх узбуджаныя крымінальныя справы аб рэабілітацыі нацызму, адмаўленні генацыду беларускага народа і стварэнні «экстрэмісцкага фармавання».

Як заяўляе МУС, адзін з затрыманых, 21-гадовы магілёвец, стварыў тэлеграм-канал з 1500 падпісчыкамі, «які ўслаўляе нацызм». У ходзе разбіральніцтва былі выяўленыя яшчэ двое магілёўцаў, якія стварылі аналагічныя каналы.

«Устаноўлена, што ўсе фігуранты былі знаёмыя і спрабавалі стварыць устойлівую арганізаваную групу. Фінансавую выгаду планавалі атрымліваць за кошт прасоўвання сваіх каналаў у іншых нацысцкіх супольнасцях з меншай аўдыторыяй», — заявіў прадстаўнік ГУБАЗіК Уладзімір Гарагляд.

МУС сцвярджае, што затрыманыя адносілі сябе да язычнікаў, не прызнавалі «традыцыйныя каштоўнасці», святкавалі дзень нараджэння Гітлера, адмаўлялі Дзень Перамогі, хадзілі ў цэрквы і касцёлы з самаробнымі мячамі «для ўстрашэння і запалохвання вернікаў».

Па месцах пражывання затрыманых канфіскаваныя сцягі са свастыкай, інструкцыя па выбуховай справе, халодная зброя і «незарэгістраваная сімволіка» — бела-чырвона-белы сцяг.

Тэлеграм-каналы затрыманых прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Узбуджаныя крымінальныя справы па артыкулах аб рэабілітацыі нацызму, адмаўленні генацыду беларускага народа, стварэнні «экстрэмісцкага фармавання». Устанаўліваюцца іншыя ўдзельнікі.

Скрыншот відэа
Скрыншот відэа
Скрыншот відэа
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!