Група індыйцаў просіць улады Індыі выратаваць іх з Беларусі

Дзевяць грамадзян Індыі заяўляюць, што засталіся ў Беларусі без працы, і просяць улады Індыі дапамагчы ім вярнуцца на радзіму, піша The Hindu.

Жонка аднаго з індыйцаў заявіла, што ў снежні 2025 года яе муж, Т. Тхангасвамі, выехаў у Беларусь праз агенцтва па працаўладкаванні, заплаціўшы яму 400 тысяч рупій (каля 4400 долараў). Паводле слоў жанчыны, яе муж знаходзіцца ў Беларусі ўжо амаль два месяцы, але за гэты час яму не прадаставілі працу, належнае жыллё і харчаванне.

Выданне звязалася з Тхангасвамі. Ён распавёў, што першапачаткова агенцтва абяцала яму працу ў Ізраілі, але, атрымаўшы грошы, перастала выходзіць на сувязь. Толькі праз год Тхангасвамі і іншых накіравалі ў Беларусь.

У выніку ў Беларусі апынуліся дзевяць грамадзян Індыі. Яны кажуць, што агенцтва не дае зразумелых адказаў на іх пытанні, і скардзяцца на «сур’ёзныя цяжкасці ў незнаёмай краіне» і моцныя снегапады.

Індыйцы просяць урад сваёй краіны выратаваць іх з Беларусі.

Нагадаем, нядаўна ў такой жа сітуацыі апынулася грамадзянка Індыі. Яна прыляцела ў Беларусь праз агенцтва на працу, але засталася ў краіне без грошай і без працы. Пасля таго як яе гісторыя разышлася па СМІ, сітуацыяй зацікавілася беларуская міліцыя. Жанчына змагла вылецець на радзіму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!