Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў Францыі па падазрэнні ў шпіянажы за заводам па вытворчасці дронаў

Галоўнае ўпраўленне ўнутранай бяспекі Францыі (DGSI) затрымала грамадзяніна Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы за прадпрыемствам, якое вырабляе тэхніку для французскай і ўкраінскай армій. Пра гэта піша Le Parisien са спасылкай на пракуратуру Парыжа. Французская контрразведка не выключае, што за аперацыяй стаіць Расія.

На пачатку чэрвеня невядомыя закідалі бутэлькамі з запальнай сумессю будынак завода кампаніі Delair у Лабежы пад Тулузай. Значнай шкоды нанесена не было, паколькі сумесь не выбухнула. Пракуратура Тулузы ўзбудзіла крымінальную справу па факце знішчэння маёмасці небяспечнымі сродкамі.

Беларус быў затрыманы праз некалькі дзён, 3 чэрвеня, непадалёк ад завода кампаніі Delair у Лабежы пад Тулузай. Паводле даных пракуратуры, пры ім было выяўлена «перадавое абсталяванне», а затрыманы ён быў у момант, калі здымаў на камеру прататып дрона. Да затрымання яго некалькі разоў заўважалі паблізу прадпрыемства. Следства таксама заявіла, што ён адпраўляў відэазапісы кантакту ў Расіі.

5 чэрвеня падазраванаму прад’явілі абвінавачанні ў перадачы замежнай дзяржаве інфармацыі, здольнай нанесці шкоду асноватворным інтарэсам Францыі, а таксама ў зборы інфармацыі з мэтай яе перадачы замежнай дзяржаве і ўдзеле ў дзейнасці злачыннай супольнасці. Ён знаходзіцца пад вартай.

Delair — адзін з ключавых пастаўшчыкоў вайсковых дронаў для Украіны, які значна наросціў вытворчасць з пачатку вайны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!