Украіне перададзены даныя аб перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Каардынацыйнаму штабу Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі перададзена інфармацыя пра ўкраінскіх дзяцей, незаконна перамешчаных з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а таксама пра індактрынацыю, якая праводзіцца ў дачыненні да іх. Пра гэта паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі.

Перадача матэрыялаў адбылася па выніках рабочай паездкі кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі ў Кіеў і яго сустрэчы з кіраўніцтвам украінскага штаба. Даныя збіраліся камандай НАУ ў рамках працы па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і іх наступную індактрынацыю на тэрыторыі Беларусі. Матэрыялы перададзены па просьбе ўкраінскага боку для далейшай працы па вяртанні дзяцей на радзіму.

Адначасова НАУ і ўкраінскі Каардынацыйны штаб рыхтуюць сумесны праект на базе інфармацыйнага рэсурсу Stop Russian Recruiting. Ён накіраваны супраць вярбоўкі беларускіх грамадзян ва ўзброеныя сілы Расіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!