Грамадзянін Беларусі трапіўся ў Польшчы на спробе ўвезці крадзеныя веласіпеды з Германіі

Польскія памежнікі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які ехаў з Германіі. У фургоне, якім ён кіраваў, знайшлі 24 веласіпеды, сем з якіх былі скрадзеныя ў Германіі.

“11 жніўня, выконваючы задачы, звязаныя з часовым аднаўленнем памежнага кантролю на шляху ў Польшчу, супрацоўнікі памежнага паста ў Слубіцы спынілі фургон, за рулём якога знаходзіўся 35-гадовы грамадзянін Беларусі.

У грузавым адсеку аўтамабіля перавозілі 24 веласіпеды розных марак. Супрацоўнікі западозрылі, што веласіпеды маглі быць скрадзеныя ў Германіі або іншых краінах Заходняй Еўропы.

Нямецкі бок ужо пацвердзіў, што сем з канфіскаваных веласіпедаў былі раней скрадзеныя ў Германіі. Вядзецца расследаванне для ўстанаўлення паходжання астатніх 17 веласіпедаў”, – гаворыцца ў паведамленні Памежнай аховы Польшчы.

Мужчыну будуць прад’яўлены абвінавачанні ў набыцці крадзенага. Ён перададзены паліцыі. Памежная ахова таксама ініцыявала адміністрацыйную справу, вынікам якой можа быць дэпартацыя парушальніка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!