Грамадзяне Беларусі з метадонам на мільён долараў затрыманыя ў Грузіі

Двое грамадзян Беларусі затрыманыя ў Аджарыі па справе аб незаконным абароце наркотыкаў. У падазраваных канфіскавалі амаль 6 кілаграмаў метадону, кошт якога на чорным рынку ацэньваецца да 3 млн лары (больш за 1,1 млн долараў).

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі, аперацыю правялі супрацоўнікі Цэнтральнага ўпраўлення крымінальнай паліцыі Аджарыі. Затрыманыя — грамадзяне 1992 і 1993 гадоў нараджэння — падазраюцца ў незаконным набыцці, захоўванні ў асабліва буйным памеры і садзейнічанні збыту наркатычных сродкаў.

Падчас вобшукаў асабістых рэчаў фігурантаў, іх аўтамабіля і часовых месцаў пражывання праваахоўнікі выявілі метадон, падрыхтаваны да продажу, а таксама матэрыялы для фасоўкі наркотыкаў. Усё канфіскаванае прызнана рэчавымі доказамі.

Расследаванне вядзецца паводле артыкулаў 260 і 260-1 Крымінальнага кодэкса Грузіі, якія прадугледжваюць пакаранне аж да 20 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!