Скриншот видео news.by
Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў на тэлеканале “Беларусь 1” пракаментаваў інцыдэнт з аўтобусам у Бранскай вобласці РФ, у якім ехала дзіцячая футбольная каманда з Рэчыцы. Паводле яго слоў, група была сабраная бацькамі і трэнерамі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 Рэчыцкага раёна ў прыватным парадку для выезду на аздараўленне і трэніроўкі.
“Для ажыццяўлення паездкі быў заключаны дагавор з недзяржаўным перавозчыкам, зарэгістраваным у Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах. Ажыццяўлялася перавозка грамадзян у колькасці 88 чалавек па маршруце Рэчыца — Геленджык”, — расказаў ён.
Алейнікаў заявіў, што перавозчыкі выбралі небяспечны маршрут.
“Пры гэтым хацелася б заўважыць, што перавозчыкамі быў выбраны небяспечны маршрут, практычна ў прыфрантавой зоне. Пры арганізацыі быў выдадзены загад па спартыўнай школе і выезд быў ажыццёўлены ў 05:30 з горада Рэчыца. Варта адзначыць, што ў складзе групы знаходзіліся ў працоўных адпачынках і ехалі сем’ямі трэнеры-выкладчыкі, якія і займаліся арганізацыяй адпачынку хлопцаў. У аўтобусе знаходзіліся дзеці як з бацькамі, так і па даверанасці на выезд за мяжу”, — дадаў ён.
«У Беларусі хапае спартыўных збудаванняў, магчымасці прадастаўлены. Якая можа быць неабходнасць рухацца ў небяспечнай зоне? Трэба, каб дарослыя разумелі, наколькі гэта небяспечна і немэтазгодна», — заявілі на дзяржаўным тэлебачанні.
Нагадаем, раней паведамлялася, што аўтобус з 28 дзецьмі з дзіцячай футбольнай каманды ДЮСШ №2 Рэчыцы трапіў пад удар беспілотніка ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня. Следчы камітэт РФ заявіў, што дрон быў украінскім. У выніку ўдару загінула жонка трэнера ДЮСШ, якая суправаджала каманду. Восем чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей, пацярпелі.
Украінскі бок адхіляе гэтыя абвінавачванні і называе тое, што адбылося, інфармацыйнай правакацыяй.