Гомельскі райвыканкам апублікаваў абразлівае паведамленне ў адрас Зяленскага, але адразу ж выдаліў яго

Афіцыйны тэлеграм-канал Гомельскага раённага выканаўчага камітэта сёння ў 8:58 апублікаваў допіс з абразамі ў адрас прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Паведамленне пратрымалася на канале літаральна некалькі хвілін і было выдалена.

“Менавіта той выпадак, калі з-за наркатычнага дурману ўзнікаюць трызнёвыя галюцынацыі…” — напісалі аўтары тэлеграм-канала Гомельскага райвыканкама, дапоўнілі паведамленне згенераванай ШІ-карцінкай, а затым па невядомай прычыне выдалілі допіс.

Скрыншот выдаленага допісу.

Такім чынам яны пракаментавалі навіну пра тое, што з 22 чэрвеня рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, якія расійскія войскі выкарыстоўвалі для карэкціроўкі ўдараў па Украіне, больш не працуюць.

Афіцыйна прадстаўнікі рэжыму ў Мінску пакуль не каментавалі гэтую навіну.

Нагадаем, 19 чэрвеня прэзідэнт Украіны даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!