Генсек ПА НАТА, спецпрадстаўнік ЕС, кіраўнік МЗС Чэхіі — Ціханоўская правяла шэраг сустрэч на Мюнхенскай канферэнцыі

Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэч на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

У размове з генеральным сакратаром Парламенцкай асамблеі НАТА Бенедэтай Берсці Ціханоўская абмеркавала пытанні бяспекі Беларусі і рэгіёна. Ціханоўская адзначыла, што ў апошнія гады Беларусь фактычна ператварылася ў ваенны плацдарм Расіі: тэрыторыя краіны выкарыстоўваецца для размяшчэння расійскіх войскаў і наступальнага ўзбраення, а таксама як інструмент стратэгічнага ціску на НАТА.

Асобна было падкрэслена, што прысутнасць Расіі ў Беларусі стварае дадатковыя рызыкі для ўсёй Еўропы. Таму любыя перамовы аб завяршэнні вайны ва Украіне павінны ўлічваць беларускі фактар і пытанне вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Таксама абмяркоўваліся тэмы гібрыдных аперацый рэжыму і інтэграцыі беларускай абароннай прамысловасці ў інтарэсы Расіі.

Ціханоўская і Берсці дамовіліся правесці публічныя і непублічныя мерапрыемствы па беларускім пытанні ў маі, падчас вясновай сесіі ПА НАТА ў Вільнюсе. Ціханоўская прапанавала правесці закрыты брыфінг для Парламенцкай асамблеі НАТА па ваенна-палітычных падзеях.

На сустрэчы са спецпрадстаўніком Еўрасаюза па правах чалавека Кайсай Алангрэн абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі і палітвязні.

Бакі абмеркавалі гуманітарны трэк і магчымасць змякчэння санкцый ЗША, уведзеных за парушэнні правоў чалавека, у адказ на вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій. Ціханоўская падкрэсліла, што санкцыі ЕС, уведзеныя за вайну і гібрыдныя атакі, не могуць быць прадметам перамоў аб змякчэнні.

Асобна абмяркоўваўся міжнародны трэк: супрацоўніцтва з ААН, у тым ліку з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і спецыяльнымі механізмамі ААН, магчымыя крокі для ўзмацнення ціску на рэжым.

Ціханоўская перадала Алангрэн справаздачу IAPB — міжнароднай платформы па прыцягненні рэжыму да адказнасці.

На сустрэчы з камісарам ЕС Андрусам Кубілюсам па пытаннях абароны Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з ядзернай зброяй у Беларусі і падкрэсліла, што Расія ўсё больш актыўна выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі і беларускую эканоміку для ваенных патрэб.

Ціханоўская распавяла пра перамовы з амерыканскім бокам па гуманітарным вызваленні палітвязняў і падкрэсліла, што ў камунікацыі з Лукашэнкам неабходна вылучаць жорсткія ўмовы, каб не дапусціць сітуацыі, пры якой рэжым даможацца зняцця санкцый без дэмакратычных змен у Беларусі.

Таксама адбыліся сустрэчы з кіраўніком МЗС Чэхіі Петрам Мацінкам і намеснікам генсека НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі Борысам Руге.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!