ЕС можа ўзгадніць новыя санкцыі супраць Расіі

Міністры замежных спраў краін ЕС сёння могуць узгадніць пашырэнне санкцый супраць Расіі. Пра гэта заявіла вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кая Калас. Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра санкцыі ў дачыненні да фізічных асоб, звязаных з дэпартацыяй украінскіх дзяцей.

«Вядома, мы бачылі, што гэтае спыненне агню, якога хацеў Пуцін, было толькі цынічным крокам для абароны свайго парада, у той час як яны фактычна нападалі на мірных жыхароў ва Украіне. Украіна выконвала рэжым спынення агню. Як вы ведаеце, раней яна прапаноўвала безумоўнае спыненне агню, і Расія на гэта не адрэагавала.

Але сёння мы таксама чакаем прасоўвання наперад у пытанні санкцый супраць тых людзей, якія дапамагаюць, як вы ведаеце, працаваць з украінскімі дзецьмі, дэпартаванымі з Украіны. А яшчэ ў нас адбудзецца мерапрыемства высокага ўзроўню, прысвечанае ўкраінскім дзецям, таму, як іх сапраўды вярнуць, што яшчэ можа зрабіць міжнародная супольнасць», — сказала яна.

Калас таксама выказалася пра магчымыя перамовы з Расіяй. Паводле яе слоў, найперш павінна быць сфармуляваная адзіная пазіцыя ЕС. Яе мяркуецца абмеркаваць на сустрэчы кіраўнікоў МЗС у рамках нефармальнай сустрэчы.

«Мы абмяркуем прапановы, вылучаныя для вырашэння праблем, якія ў нас ёсць. Бо, зноў жа, праблема еўрапейскай бяспекі заключаецца ў тым, што Расія пастаянна… нападае на сваіх суседзяў, і як мы можам гэтаму супрацьстаяць. І для гэтага нам патрэбныя саступкі і з расійскага боку.

Я была на мінулым тыдні ў Малдове, там, напрыклад, знаходзяцца расійскія войскі. Вывад войскаў можа стаць адной з умоў для забеспячэння стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. Але, вядома, ёсць шмат пытанняў, якія датычацца нашых патрабаванняў да Расіі для забеспячэння стабільнай і мірнай Еўропы», — дадала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!