ЕС і Вялікабрытанія пашырылі санкцыі супраць Расіі

ЕС і Вялікабрытанія пашырылі санкцыі супраць Расіі.

Еўрасаюз дадаў у спісы 16 фізічных асоб і 7 арганізацый. Рашэнне накіравана супраць “асоб, адказных за сістэматычную незаконную дэпартацыю, прымусовае перамяшчэнне, прымусовую асіміляцыю, уключаючы ідэалагічную апрацоўку і мілітарызаваную адукацыю, украінскіх непаўналетніх, а таксама за іх незаконнае ўсынаўленне і высылку ў Расійскую Федэрацыю і на часова акупаваныя тэрыторыі”.

У санкцыйныя спісы ўключаныя Усерасійскія дзіцячыя цэнтры «Орлёнок», «Алые паруса» і «Змена», цэнтр ДТСААФ у Севастопалі, Ваенна-марское вучылішча імя Нахімава і Ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт» у Крыме, а таксама чыноўнікі і палітыкі, кіраўнікі названых арганізацый.

Санкцыі Вялікабрытаніі таксама накіраваныя супраць асоб і арганізацый, “датычных да прымусовай дэпартацыі, ідэалагічнай апрацоўкі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей, а таксама супраць тых, хто кіруе інфармацыйнымі ваеннымі кампаніямі Расіі”. У санкцыйныя спісы ўключаныя 85 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку 49 чалавек, якія працуюць на Агенцтва сацыяльнага дызайну, уключаючы пісьменнікаў, перакладчыкаў і відэааператараў, занятых у вытворчасці прапаганды.

Дадаткова брытанскі ўрад выдзяляе 1,2 млн фунтаў на пошук і вяртанне ўкраінскіх дзяцей.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!