ЕАБР прагназуе ў Беларусі інфляцыю ніжэй за мэтавы паказчык

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця чакаюць, што інфляцыя ў гэтым годзе будзе ніжэй за заяўленую ўрадам мэту ў 7%.

“Прагназуем інфляцыю ніжэй за абноўленую мэту”, — гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін — удзельніц ЕАБР.

Трэба адзначыць, што ў Нацбанку Беларусі таксама разлічваюць, што ўдасца ўтрымаць інфляцыю ніжэй за мэтавы паказчык.

На мінулым тыдні Белстат апублікаваў даныя пра інфляцыю ў лютым. Гадавы паказчык росту індэкса спажывецкіх цэн запаволіўся да 5,6%. У ЕАБР мяркуюць, што ўплыў на яго аказала запаволенне росту цэн у сектары паслуг, а таксама моцная нацыянальная валюта.

“Асноўным фактарам зніжэння агульнага росту цэн стала запаволенне інфляцыі ў сектары паслуг — да 5,4% г/г пасля 8,2% г/г, што звязана з пераносам планавага павышэння тарыфаў на ЖКП са студзеня на сакавік.

Захоўваецца тэндэнцыя запаволення росту цэн на непрадуктовыя тавары — да 2,1% г/г пасля 2,5% г/г, чаму спрыяе захаванне моцнага беларускага рубля. Паскарэнне росту цэн на сезонныя гародніну і садавіну — да 5,6% г/г пасля 3,7% г/г — захавала харчовую інфляцыю ў лютым (8,7% г/г) блізкай да ўзроўню студзеня”, — гаворыцца ў аглядзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!