Еўрасавет у чарговы раз заклікаў Беларусь спыніць ваенную падтрымку Расіі

Еўрасавет у высновах саміту па Украіне ў чарговы раз згадаў Беларусь. Еўрапейскія лідары зноў «настойліва заклікалі Расію і Беларусь неадкладна забяспечыць бяспечнае і безумоўнае вяртанне ва Украіну ўсіх незаконна дэпартаваных і перамешчаных украінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб».

Акрамя таго, Еўрасавет асудзіў ваенную падтрымку РФ з боку Ірана, Беларусі і КНДР, а таксама заклікаў усе краіны неадкладна спыніць любую дапамогу Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны, як прамую, так і ўскосную.

У высновах выказваецца прыхільнасць падтрымцы Украіны. Лідары віталі адкрыццё першага кластара перамоў з Украінай аб уступленні ў ЕС.

«Еўрапейскі савет падтрымлівае дыпламатычныя намаганні па спыненні агрэсіўнай вайны Расіі і падкрэслівае гатоўнасць ЕС актывізаваць свой удзел у гэтым кантэксце ў адпаведнасці з мэтай Саюза па садзейнічанні міру, замацаванай у дамовах. Еўропа адыгрывае ключавую ролю ў будучым урэгуляванні і гатовая абараняць свае інтарэсы.

Не здолеўшы дасягнуць сваіх ваенных і стратэгічных мэтаў, Расія актывізавала ракетныя і беспілотныя атакі на ўкраінскія гарады і энергетычную інфраструктуру. Еўрапейскі савет настойліва заклікае Расію праявіць сапраўдную гатоўнасць да міру, пагадзіцца на поўнае, безумоўнае і неадкладнае спыненне агню і прыняць удзел у змястоўных перамовах, накіраваных на ўсталяванне справядлівага і трывалага міру», — гаворыцца ў дакуменце.

У ім таксама асуджаюцца апошнія інцыдэнты, уключаючы эскалацыю з боку РФ, якая выявілася ў тым ліку ва ўдары па Кіева-Пячэрскай лаўры, а таксама трапленне расійскага беспілотніка ў жылы дом у Румыніі.

Еўрасавет чакае, што першая выплата Украіне з крэдыту ў памеры 90 млрд еўра будзе зроблена да канца чэрвеня. Лідары заклікалі да найхутчэйшага прыняцця 21-га пакета санкцый.

Лідары ЕС таксама ўпершыню ўзгаднілі падаўжэнне санкцый супраць Расіі на год, а не на шэсць месяцаў, як раней.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!