Еўрасаюз падтрымае Арменію на фоне расійскіх абмежаванняў

Еўрасаюз акажа Арменіі дапамогу на фоне абмежаванняў на армянскія тавары, якія ў апошнія тыдні ўвяла Расія. Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен па выніках тэлефоннай размовы з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам.

“Гэта не што іншае, як эканамічны прымус, і гэта непрымальна. Падаўжаючы экспартныя абмежаванні на армянскую прадукцыю, Масква выкарыстоўвае эканамічныя адносіны як зброю для аказання палітычнага ціску. Мы занадта добра ведаем гэтую тактыку. Менавіта таму Еўропа цвёрда падтрымлівае Арменію. Мы рыхтуем пакет мер падтрымкі з боку ЕС.

Гэта ўключае ў сябе неадкладную фінансавую дапамогу ў памеры больш за 50 мільёнаў еўра”, — сказала яна.

Акрамя таго, Еўракамісія абяцае спрасціць умовы гандлю некаторымі армянскімі таварамі, у тым ліку аграхарчовымі.

ЕС падтрымае і пацярпелых вытворцаў кветак з Арменіі.

“Заўтра ў Латвію павінна прыбыць партыя з 10 000 кветак. За ёй пойдуць і іншыя. Мы таксама працягнем наладжваць сувязі паміж нашымі прадпрыемствамі, выконваючы абавязацельствы, узятыя на нашым нядаўнім саміце ў Ерэване”, — дадала фон дэр Ляен.

Яна падкрэсліла, што Арменія мае патэнцыял стаць стратэгічным цэнтрам, асабліва пасля аднаўлення чыгуначнага паведамлення з Турцыяй.

Нагадаем, Расія ўвяла абмежаванні ў дачыненні да армянскіх тавараў незадоўга да парламенцкіх выбараў у краіне, якія пройдуць 7 чэрвеня.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!