Дзмітрый Круты паляцеў у КНР па запрашэнні ЦК Кампартыі Кітая

Кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты наведвае КНР з афіцыйным візітам па запрашэнні Міжнароднага аддзела Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая.

Візіт пачаўся з горада Сіань (правінцыя Шэньсі) — найбуйнейшага транспартна-лагістычнага вузла на паўночным захадзе Кітая і ключавога хаба «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху». Там фарміруецца грузапаток па маршруце Кітай — Еўропа — Кітай, які праходзіць праз Беларусь, а таксама апрацоўваецца вялікі аб’ём грузаў у двухбаковай сувязі.

Падчас перамоваў з кіраўніцтвам кітайскага “сухога порта” Круты абмеркаваў перспектывы нарошчвання перавозак у двухбаковым і транзітным паведамленні з апорай на магчымасці Беларускай чыгункі, а таксама на патэнцыял Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Акрамя таго, адбылася цырымонія падпісання двухбаковага дакумента паміж ЗАТ “Еўразійскі чыгуначны гейтвэй” і ТАА “Міжнародная партовая група Сіаня”, якім прадугледжана развіццё чыгуначнага кантэйнернага тэрмінала “Грэйтпорт”, які будуецца ў парку.

Дзмітрый Круты сустрэўся з сакратаром парткама правінцыі Шэньсі Чжаа Ідэ. Правінцыя з 2021 года з’яўляецца пабрацімам Магілёўскай вобласці.

“Бакі адзначылі высокі тэмп развіцця гуманітарнага ўзаемадзеяння: у 2018 годзе ў Сіаньскім універсітэце замежных моў зарэгістраваны Цэнтр вывучэння Беларусі, уведзена спецыяльнасць па вывучэнні беларускай мовы і культуры”, — перадае БелТА.

Дзмітрый Круты таксама наведаў размешчаны ў Сіані Музей тэракотавай арміі Цынь Шыхуандзі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!