Член Савета Рэспублікі і галоўны трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў стаў старшынёй назіральнага савета хакейнага клуба «Дынама-Мінск». Новы склад савета вызначаны да пачатку сезона, паведамілі ў Федэрацыі хакея Беларусі.
У назіральны савет таксама ўвайшлі намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч, былы шматгадовы камандзір мінскага АМАПа, старшыня цэнтральнага савета БФСТ «Дынама» Дзмітрый Балаба, начальнік упраўлення нацыянальных каманд Міністэрства спорту Міхаіл Пракапенка і генеральны сакратар Федэрацыі хакея Беларусі Андрэй Башко.
Назіральны савет вызначае асноўныя напрамкі працы клуба і кантралюе яго дзейнасць. У яго паўнамоцтвы ўваходзяць фарміраванне бюджэту, фінансавай і трансфернай палітыкі, узгадненне прызначэння трэнерскага штаба, вызначэнне прынцыпаў фарміравання складу каманды і фонду аплаты працы гульцоў, а таксама кантроль працы генеральнага дырэктара.
У сваім тэлеграм-канале Баскаў паведаміў пра завяршэнне пяцігадовага тэрміну яго дыскваліфікацыі, накладзенай Міжнароднай федэрацыяй хакея (IIHF) у 2021 годзе. Ён заявіў, што цяпер можа «афіцыйна вярнуцца да хакейнай дзейнасці» і мае намер працаваць на развіццё беларускага хакея.
“Сёння, 10 верасня, нарэшце наступіла фармальная дата, калі я афіцыйна магу вярнуцца да хакейнай дзейнасці ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Менавіта сёння скончыўся тэрмін дыскваліфікацыі, неапраўдана накладзенай на мяне Міжнароднай федэрацыяй хакея 9 верасня 2021 года, за тое, што як чалавек, выхаваны спортам і нашым Прэзідэнтам у любові да Радзімы, я імкнуўся прывіваць тыя ж каштоўнасці нашым хакеістам.
За тое, што, у маім разуменні, павінен рабіць любы спартыўны функцыянер любой спартыўнай федэрацыі ва ўсім свеце! Любы патрыёт сваёй краіны, а не прадажны палітык! Сёння я перагортваю гэтую ганебную для Міжнароднай федэрацыі хакея старонку, каб з патроенай энергіяй працаваць на карысць беларускага хакея!” – напісаў ён.
Нагадаем, Баскаў узначальваў ФХБ да верасня 2021 года. Ён сышоў з пасады ў выніку рашэння IIHF дыскваліфікаваць яго на пяць гадоў. Баскава падазраюць у датычнасці да забойства пратэстоўца Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 года. Справа так і не была расследаваная, а вінаватыя не панеслі ніякага пакарання, нягледзячы на асабістыя запэўніванні Лукашэнкі.
