Лукашэнка прапанаваў жыць, “дзесьці абмяжоўваючы, дзесьці жыццё адпускаючы”
Рэдакцыя Reform.news · 30 кастрычніка 2026, 12:39
https://reform.news/be/lukashjenka-prapanava-zhyc-dzesci-abmjazho-vajuchy-dzesci-zhyccjo-adpuskajuchy/Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця новай Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска. Выступаючы, ён пусціўся ў разважанні пра жыццё, перамяшаўшы тэзісы пра пандэмію, электрычнасць, якая будзе замест грошай, рэгуляванне цэн, заробкі, здароўе, санкцыі, імпартазамяшчэнне, час магчымасцяў і танкасценныя канструкцыі.
“Давайце ў гэтых умовах жыць спакойна, ціха. Каб без канфліктаў і войнаў. І паступова, паступова рухацца наперад. За нас нашы пытанні ніхто не вырашыць, давайце дзейнічаць”, – сказаў ён.
Ён адзначыў, што раней у краіне ставілі мэтай атрымаць сярэдні заробак у 500 долараў, а цяпер ён вышэйшы, таму да яго прэтэнзій быць не можа.
“Якія да ўлады, да мяне прэтэнзіі… А далей трэба зарабляць. Вы, напэўна, заўважылі, што я не ўстанаўліваю цяпер ніякіх парогаў ні ў тысячу долараў, ні ў паўтары тысячы. Прытым мы ж стрымліваем цэны. Вы ўсе хочаце рынку? Калі ласка, мы можам за суткі гэты рынак вам увесці. Але толькі вы падумайце, як у гэтых рынкавых умовах будзеце жыць”, – сказаў Лукашэнка.
Далей ён вырашыў напалохаць прысутных тым, што пры адмене рэгулявання сельгасвытворцы “бабахнуць цэны”, таму лепш захаваць існуючы парадак, а не прымаць ідэю свабоднага рынку, якую падкідваюць звонку.
“Мы спакойна рухаліся і разумелі, што ўсюды трэба нешта планаваць. Дзесьці стрымліваць, дзесьці больш свабодна адпускаць. Вось мы адпусцілі людзей: калі ласка, працуйце, у тым ліку ў ахове здароўя. У нас прыватная медыцына не забароненая. Але кантроль найжорсткі. І ён будзе такім. Таму што здароўе людзей – гэта важна”, – змяніў ён тэму.
Лукашэнка заклікаў жыць не спяшаючыся, дзесьці закручваючы гайкі, а дзесьці іх адпускаючы.
“Давайце не будзем спяшацца, а будзем спакойна рухацца, плануючы, дзесьці абмяжоўваючы, дзесьці жыццё адпускаючы, каб яно больш свабодным было. Але абавязкова рухацца наперад, не стаяць на месцы. Паверце мне, сёння – час магчымасцяў. Вы вось стаіце перада мной, і ніхто з вас не думае пра санкцыі. Як я сказаў два ці тры гады таму, забаронена гаварыць пра санкцыі і называць іх прычынай нейкіх нашых бед. Санкцыі – гэта час магчымасцяў”, – працягнуў ён.
Лукашэнка адзначыў, што на фоне санкцый у краіне заняліся імпартазамяшчэннем.
“Але толькі купляць трэба тое, што не можам рабіць самі. Тое, што можам, трэба рабіць самім. Трэба рабіць усё. І выбіраць момант, калі мы можам зрабіць гэта. Сёння момант, калі мы можам нешта зрабіць, нешта пабудаваць. Але трэба напружвацца. Галоўнае пытанне, якое мы павінны вырашаць пастаянна, – гэта дысцыпліна і парадак”, – сказаў ён.
Ён таксама не прамінуў падкрэсліць сваю дальнабачнасць у пытанні будаўніцтва АЭС. Цяпер атамную энергетыку хочуць развіваць у Польшчы, Еўропе, а Ілан Маск лічыць, што ў будучыні электрычнасць будзе замест грошай – прывёў Лукашэнка аргументы.
“Ну а калі б мы вось гэтых крыкуноў паслухалі і не зрабілі гэта. Вы паглядзіце: без электраэнергіі няма нічога. З электраэнергіяй можна зрабіць усё. Нават аўтамабілі сёння перасоўваюцца на электрычнай цязе. Нават мы пачалі рабіць электрамабілі – легкавыя для насельніцтва, грузавыя і іншае. Па чыгунцы па правадах бегаюць у нас цягнікі. Без электрычнасці немагчыма. Таму мной прынята рашэнне аб будаўніцтве яшчэ аднаго блока атамнай электрастанцыі. Гэта ўжо для дзяцей і ўнукаў, для моладзі. Пакуль мы пабудуем гэты трэці блок, вы вырасцеце, будзеце гэтым карыстацца”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, электраэнергію цяпер выкарыстоўваюць для ацяплення дамоў і майнінгу.
“Нядаўна вядомы першы ў свеце трыльянер Маск сказаў, што ў будучыні грошы знікнуць. А што замест грошай? Ён кажа: электрычнасць. Вось, што ў будучыні будзе. Таму мы, зноў жа, Гасподзь нам дапамог, у гэты трэнд трапілі”, – прывёў Лукашэнка аргумент.
Закрануў ён і тэму, звязаную з будаўніцтвам інфекцыйнай бальніцы.
“Вы памятаеце так званую пандэмію, якую мы разам з вамі перажылі. Нягледзячы на тое, што адзіная дзяржава ў свеце, якая сваім шляхам пайшла і ад гэтага выйграла. Мы выратаваліся, не пабегшы за іншымі, якія ўводзілі поўную ізаляцыю, верталётныя грошы раскідвалі. Ні таго, ні другога мы сабе дазволіць не маглі.
Але мы зрабілі адпаведныя высновы, калі мы кідаліся з боку ў бок, шукалі месцы для інфекцыйных хворых. Добра, што не знішчылі ў раённых цэнтрах і абласцях інфекцыйныя аддзяленні і бальніцы. Але мы бачылі, што ў такіх мегаполісах, як Мінск, нам якраз не хапала такога кампактнага месца, дзе можна было б размясціць гэтых хворых”, – сказаў ён.
Трэба адзначыць, што пасля 2020 года Белстат не публікаваў даныя аб смяротнасці насельніцтва, а аднавіўшы гэтыя публікацыі, ён так і не закрыў прабелы за пандэмійныя гады.
“Мы вынеслі ўрокі з нядаўняй пандэміі. Мы не адкідвалі нічога, не адпіхваліся. Бачылі і свае недахопы. І павінны ў любы час быць гатовыя не дапусціць паўтарэння тых памылак і недахопаў, якія калісьці былі”, – сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе будаўніцтва бальніцы.
Ён лічыць, што інфекцыйная клініка не павінна пуставаць.
“Будынкі гэтыя пуставаць не павінны. Яны павінны эфектыўна працаваць і даваць аддачу. У сувязі з гэтым мы абмяркоўвалі праблему, у нас ёсць перагібы. Мы яшчэ раней пачалі будаваць замест бальніц “палацы”. Ведаеце, бальніца – гэта не курорт. Ідэальна павінна быць у аперацыйных і рэанімацыйных, палатах і аддзяленнях. Там павінна быць вышэй за сусветны ўзровень. І на гэта грошай мы шкадаваць не будзем. Але ўсё астатняе – гэта, яшчэ раз падкрэсліваю, не курорт”, – сказаў ён.
Пры будаўніцтве бальніцы выкарыстоўваліся лёгкія сталёвыя танкасценныя канструкцыі, што адбілася на хуткасці яе ўзвядзення і кошце праекта.
“Галоўная перавага гэтай тэхналогіі – магчымасць пры неабходнасці аператыўна ажыццявіць перапланіроўку. А ў выпадку, не дай бог, новай эпідэміі зможам павялічыць магутнасці стацыянара ў два разы”, – сказаў ён, дадаўшы, што тэхналогію трэба выкарыстоўваць пры будаўніцтве іншых будынкаў.
Адкрыццё бальніцы было прымеркавана да 7 лістапада.
“Чаму загадзя – таму што ў мяне вялікая вельмі важная праграма да 7 лістапада і на 7 лістапада. Іншых дзён проста ўжо не было”, – сказаў ён.
“Мы нямала зрабілі для таго, каб падарункі паднесці нашаму народу. І вось чарговы падарунак, важны аб’ект. І ён расчыніць дзверы для беларускага народа. Не толькі для мінчан. Я ў чарговы раз папярэдзіў нашага мэра, што тут, у Мінску, павінны праходзіць дыягностыку і лячыцца людзі з усёй краіны. Гэта і іх грошы ўкладзены ў гэтую бальніцу”, – адзначыў Лукашэнка.
