Дзяржкамваенпрам правёў імпартазамяшчэнне на 147 млн долараў. Такія даныя ў інтэрв’ю часопісу “Нацыянальная абарона” прывёў старшыня камітэта Дзмітрый Пантус.
“Адным з самых важных дасягненняў стала паспяховая рэалізацыя праграмы імпартазамяшчэння. Мы перабудавалі нашы тэхналагічныя ланцужкі, наладзілі ўласную вытворчасць тых дэталяў і вузлоў, якія раней набываліся за мяжой.
Па выніках дадзенай праграмы арганізацыі ваенна-прамысловага комплексу выканалі работы, якія дазволілі замясціць імпартныя дэталі, вузлы і работы на суму 147 млн долараў ЗША. Гэта ключавы фактар, які даў нам магчымасць знізіць залежнасць ад замежных паставак і забяспечыць бесперапыннасць вытворчасці”, – сказаў ён.
У інтэрв’ю Пантус таксама заявіў, што Беларусь і РФ сёння фарміруюць адзіную абаронча-прамысловую прастору.
Кажучы пра задачы, што стаяць перад камітэтам, ён узгадаў дыверсіфікацыю экспарту.
“Мы па-ранейшаму арыентаваныя на экспарт, шукаем новыя рынкі збыту і новых партнёраў. У гэтым нам дапамагае актыўны ўдзел у міжнародных выставах, дзе мы дэманструем нашы дасягненні”, – сказаў ён.