Сібіга: Украіна будзе «люстэркава» адказваць на дзеянні Беларусі

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Украіна будзе «люстэркава» рэагаваць на дзеянні Беларусі. Пра гэта ён паведаміў у размове з журналістамі, піша hromadske.

Паводле яго слоў, Украіна не чакае непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, аднак уважліва адсочвае ўсе магчымыя пагрозы.

«Мы зыходзім з таго, што яны не дадуць сябе ўцягнуць у гэтую вайну. Бо Украіна будзе «люстэркава» рэагаваць. Я думаю, што рэжым Лукашэнкі гэта ўсведамляе», — заявіў ён.

«Учора, напрыклад, мы атрымалі ноту ад беларускага боку праз наша пасольства ў Мінску пра тое, што яны прапануюць нейкі рэжым наведванняў у памежнай зоне, спасылаючыся на ўжо несапраўдныя дакументы. Украіна выйшла з гэтых дакументаў — як у рамках СНД, так і з Беларуссю. Гэта значыць, трэба правільна інтэрпрэтаваць такія прапановы. Чаму менавіта цяпер? Чаму менавіта памежжа? Што гэта азначае? Наша памежная служба ўжо дала афіцыйны адказ пра незацікаўленасць у такіх прапановах», — сказаў Сібіга.

Сярод пагроз, якія адсочваюць украінскія спецслужбы, міністр назваў змены ў беларускім заканадаўстве, рэструктурызацыю вайсковых падраздзяленняў і акругаў, нарошчванне вайсковай прысутнасці ўздоўж украінскай мяжы, запланаваныя сумесныя мерапрыемствы з Расіяй і выкарыстанне беларускай інфраструктуры для атак на Украіну.

«Прэзідэнт Украіны афіцыйна пра гэта папярэдзіў, і я думаю, што беларускі бок выразна ўсведамляе, што такія папярэджанні — не пустыя словы. Калі яны агучваюцца прэзідэнтам Украіны, то, безумоўна, мы чакаем рэакцыі, і не толькі ў гэтым блоку пагроз», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!