Джон Коўл схаваўся пад сталом падчас замаху на Трампа

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл прысутнічаў на вячэры з Дональдам Трампам, падчас якой адбылася страляніна.

Як распавяла жонка Коўла Грэта ван Сустэрэн, яму давялося схавацца пад сталом.

«Мой муж, Джон Коўл, так старанна працуе, дапамагаючы вызваляць палітычных зняволеных, якія думалі, што застануцца ў турме на ўсё жыццё! Я вельмі ганаруся ім… ён цалкам знясілены, але нішто не можа яго спыніць (у суботу на вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома ён хаваўся пад сталом, а ўжо на наступны дзень быў у аэрапорце Далеса, каб дапамагчы гэтым людзям!)», — напісала Сустэрэн сёння ў сацсетцы X.

Нагадаем, у суботу, 25 красавіка, у гатэлі Washington Hill у Вашынгтоне адбылася вячэра для карэспандэнтаў Белага дома з удзелам Трампа і іншых высокапастаўленых асоб. На вячэру паспрабаваў прарвацца ўзброены мужчына. Ён параніў ахоўніка і быў затрыманы. Трампа эвакуявалі з мерапрыемства. Затрыманаму, 31-гадоваму распрацоўшчыку відэагульняў і настаўніку Коўлу Аллену, прад’явілі абвінавачанне ў замаху на забойства Трампа.

Сёння Джон Коўл заявіў аб абмене затрыманымі на беларуска-польскай мяжы па формуле 5 на 5. З боку Беларусі і Расіі былі вызвалены тры палякі і два малдаване. Вядома, што Беларусь перадала Польшчы журналіста Анджэя Пачобута і манаха-кармеліта Гжэгожа Гавела. Расія выдала Малдове двух супрацоўнікаў малдаўскіх спецслужбаў.

Польшча перадала Расіі археолага Аляксандра Буцягiна. Малдова перадала Беларусі экс-супрацоўніка спецслужбаў Аляксандра Балана, Расіі — грамадзянку РФ Ніну Папову.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!