Дырэктар МЭА папярэдзіў пра найбуйнейшы нафтавы крызіс з-за вайны супраць Ірана

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага энергетычнага агенцтва Фаціх Біроль, выступаючы ў Аўстраліі, параўнаў цяперашнія праблемы з пастаўкамі энергарэсурсаў з Персідскага заліва з нафтавым крызісам 1970-х гадоў і газавым крызісам 2022 года пасля ўварвання РФ ва Украіну.

Паводле яго слоў, ужо больш за 40 энергетычных аб’ектаў у дзевяці дзяржавах Блізкага Усходу атрымалі «сур’ёзныя або вельмі сур’ёзныя» пашкоджанні. На іх аднаўленне спатрэбіцца час, таму наступствы вайны будуць адбівацца на ланцужках паставак нават пасля заканчэння баявых дзеянняў і поўнага аднаўлення суднаходства праз Армузскі праліў, піша Bloomberg.

“Перабоі закранаюць не толькі нафту і газ, але і некаторыя жыццёва важныя артэрыі сусветнай эканомікі — такія як нафтахімія, угнаенні, сера, гелій, — што будзе мець сур’ёзныя наступствы для сусветнай эканомікі», — сказаў Біроль.

У найбольшай ступені крызіс закранае краіны Азіі, якія былі асноўнымі спажыўцамі рэсурсаў з Персідскага заліва.

Фаціх Біроль таксама дапусціў, што МЭА можа вызваліць дадатковыя рэзервы нафты для стабілізацыі рынку. Раней краіны-ўдзельніцы агенцтва разам з ЗША абвясцілі аб вызваленні 400 млн барэляў з запасаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!