Двух мігрантаў выратавалі з балота на польска-літоўскай мяжы. Пра гэта паведамляе LRT. Усяго ў групе было чатыры чалавекі. Лёс яшчэ двух пакуль не вядомы.
Інцыдэнт адбыўся ў кіламетры ад мяжы Польшчы і Літвы побач з вёскай Граужыняй. Дапамогу запыталі самі мігранты. Яны патэлефанавалі на тэлефон экстраных службаў. Ім адказалі польскія ратавальнікі. Яны перадалі інфармацыю літоўскім калегам, якія прыехалі на месца разам з паліцыяй. На беразе балота знаходзіўся адзін замежнік, другі быў у багне прыкладна ў 20–30 метрах. Абодвух выцягнулі на сушу.
Мужчыны прадставіліся грамадзянамі Самалі. Мяркуецца, што яны перайшлі беларуска-латвійскую мяжу і прабіраліся далей на захад. Зараз яны знаходзяцца ў бальніцы пад аховай памежнікаў. Пазней іх перавядуць у цэнтр для замежнікаў. Калі пацвердзіцца, што мужчыны прыбылі з тэрыторыі Латвіі, то іх вернуць у гэтую краіну.
Дзе знаходзяцца яшчэ двое ўдзельнікаў групы, невядома. Вядуцца іх пошукі. Яны маглі не выбрацца з балота, але таксама маглі паспяхова пераадолець яго і працягнуць свой шлях.