Абвешчаны збор на лагер «Зубровыя сцежкі» для дзяцей палітвязняў

Фонд «Краіна для жыцця» абвясціў збор сродкаў на правядзенне летняга лагера «Зубровыя сцежкі» для дзяцей з сем’яў беларускіх палітвязняў, добраахвотнікаў і грамадзянскіх актывістаў.

Як паведамілі арганізатары, лагер пройдзе ў Белавежскай пушчы. У гэтым сезоне плануецца правесці пяць змен, у якіх возьмуць удзел 90 дзяцей — па 18 чалавек у кожнай групе. Паводле даных ініцыятывы, групы ўжо сфармаваныя.

Асноўнае фінансаванне праекта забяспечвае фонд «Краіна для жыцця» пры падтрымцы Міжнароднага гуманітарнага фонду, частку выдаткаў аплачваюць бацькі ўдзельнікаў. Аднак для правядзення ўсіх пяці змен не хапае 10 тысяч еўра.

Сабраныя сродкі плануецца накіраваць на аплату пражывання і трохразовага харчавання дзяцей, закупку матэрыялаў для адукацыйных і творчых заняткаў, а таксама транспартныя выдаткі.

30 еўра пакрываюць адзін дзень пражывання і харчавання аднаго дзіцяці, 100 еўра — правядзенне адукацыйных і творчых заняткаў, 600 еўра — поўны ўдзел аднаго дзіцяці ў лагеры.

Падтрымаць збор можна па спасылцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!