Два беларусы і два замежнікі атрымалі тэрміны за садзейнічанне незаконнай міграцыі

Суд Першамайскага раёна Віцебска асудзіў двух грамадзян Беларусі і двух замежнікаў за арганізацыю і дапамогу незаконнай міграцыі (арт. 371-1 КК).

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя «забяспечылі незаконны ўезд і транзіт праз тэрыторыю Беларусі, а таксама выезд з краіны 21 грамадзяніна з краін Цэнтральнай Азіі і Паўночнага Каўказа». Пры гэтым яны ведалі, што замежнікі, якім адмовілі ва ўездзе ў Беларусь, не могуць прыехаць у Расію, і наадварот.

«У распрацаваным плане нелегальнай міграцыі яны прадугледзелі схему, паводле якой пры праходжанні памежнага кантролю ад супрацоўнікаў пагранслужбы ўтойваўся факт забароны на ўезд у Беларусь і Расію, для чаго выкарыстоўвалі і замену пашпартных даных», — паведамляе пракуратура Віцебскай вобласці.

Удзельнікі групы сустрэлі ў мінскім аэрапорце замежнікаў і на аўтамабілях, у тым ліку замаскіраваных пад таксі, перавезлі іх у Полацк. Там іх перасадзілі ў мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль і даставілі да мяжы з Расіяй.

22 мая аднаго абвінавачанага затрымалі каля вёскі Уклеенка Расонскага раёна. Астатніх, якія перавозілі пяць замежнікаў, затрымалі ў Лагойскім раёне і каля Лепеля.

У абвінавачаных канфіскаваныя 500 тысяч расійскіх рублёў (18 700 беларускіх рублёў).

На судзе ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым.

Аднаго фігуранта прысудзілі да 2,5 года «хатняй хіміі», другога — да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ двое атрымалі 3 і 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафы ў памеры 100 базавых велічынь (4500 рублёў).

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!