Для даследчыка і актывіста Юрася Юркевіча сабралі 15 000 еўра, але дапамога ўсё яшчэ патрэбная

Беларуская Рада культуры абвясціла кампанію ў падтрымку знакавага беларускага даследчыка і актывіста Юрася Юркевіча, планы якога раптоўна перарваў цяжкі дыягназ. Неабходная сума – 15 000 еўра – сабраная, але збор не закрылі.

Наперадзе ў Юрася працяглая рэабілітацыя, а таксама хімія- і радыётэрапія, якія патрабуюць вялікіх выдаткаў. Усе сродкі, што паступаюць на асобны рахунак Беларускай Рады культуры, будуць перададзеныя непасрэдна на лячэнне Юрасю — без % і камісій.

Пры канцы 2025 года ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Дыягназ аказаўся вельмі цяжкім — злаякасная гліябластома. У снежні была праведзеная складаная нейрахірургічная аперацыя, пасля якой Юрась сутыкнуўся з глыбокай афазіяй — стратай маўлення і пісьма, а таксама з парушэннем функцый правай рукі. Цяпер яму неабходная працяглая неўралагічная і лагапедычная рэабілітацыя.

Адначасова наперадзе як мінімум шэсць курсаў хімія- і радыётэрапіі. Гэта патрабуе вялікіх фізічных сіл, але таксама значных фінансавых выдаткаў. Увесь фінансавы цяжар ляжыць на сям’і, даходы якой несумерныя тратам на лячэнне і рэабілітацыю.

Юрась Юркевіч — знакавы беларускі даследчык і актывіст, які ўсё жыццё працаваў на карысць Беларусі: даследаваў гісторыю БНР, ініцыяваў памятныя шыльды ў Таліне і Вільні, падтрымліваў важныя медыяпраекты і дапамагаў рэпрэсаваным дзеячам культуры.

Падтрымаць Юрася Юркевіча можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!