Дэлегацыя Афганістана адправілася ў Беларусь развіваць супрацоўніцтва

Афганістан адправіў у Беларусь дэлегацыю з 13 чалавек. Па запрашэнні Мінска яны будуць удзельнічаць у другім пасяджэнні Сумеснай камісіі па эканамічным і гандлёвым супрацоўніцтве паміж Афганістанам і Беларуссю.

Дэлегацыю ўзначальвае міністр сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Маўлаві Атаула Амары. У склад таксама ўвайшлі намеснік міністра прамысловасці і гандлю, прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі, транспарту і грамадзянскай авіяцыі, фінансаў, замежных спраў і гандлю, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных кампаній і эканамічнага намесніцтва адміністрацыі прэм’ер-міністра, паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Афганістана.

«Чакаецца, што падчас гэтага візіту афганская дэлегацыя правядзе перамовы з беларускімі ўладамі па пытаннях развіцця сумеснага эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва, умацавання эканамічных сувязяў і стварэння ўмоў для супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі», — паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі, ірыгацыі і жывёлагадоўлі Афганістана.

Візіт у Беларусь працягнецца пяць дзён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!