Цэны на золата працягваюць падаць і цягнуць за сабой рынкі

Цэны на золата працягнулі падзенне ў панядзелак. Як паведамляе Stock Market Today: Dow, S&P Live Updates for February 2 – Bloomberg, каштоўны метал знізіўся яшчэ на 10% і таргуецца ў раёне 4400 долараў за унцыю. Хоць яшчэ ў мінулы чацвер ён дасягнуў абсалютнага піку, наблізіўшыся да 5600 долараў за унцыю.

Срэбра сёння патаннела на 16% пасля рэкорднага падзення на 26% у пятніцу. Таксама зніжаюцца каціроўкі нафтавых ф’ючарсаў.

Падзенне каціровак сыравінных тавараў агенцтва звязвае з вылучэннем на пасаду кіраўніка ФРС Кевіна Ўорша. Калі яго зацвердзіць Сенат, то ён стане старшынёй ФРС у маі, калі скончыцца кадэнцыя Джэрама Паўэла. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў Паўэла за адмову зніжаць працэнтныя стаўкі. Разам з тым Уорш у апошні час стаў падтрымліваць меркаванне Трампа адносна зніжэння працэнтных ставак.

На гэтым фоне інвестары пачалі пазбаўляцца ад каштоўных металаў, а таксама амерыканскіх акцый. Азіяцкія і амерыканскія фондавыя біржы дэманструюць падзенне асноўных індэксаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!