Кнут Абрахам и Павел Латушко. Фото: t.me/LatushkaRuch
Намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка ў складзе беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы сустрэўся з кіраўніком дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАСЕ Кнутам Абрахамам і з пастаянным прадстаўніком Францыі пры Савеце Еўропы Папам Ндзьяе. Сустрэчы адбыліся падчас зімовай сесіі ПАСЕ, якая праходзіць з 26 па 30 студзеня ў Страсбургу, паведамляе «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“».
Абрахам, які таксама з’яўляецца кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу, заявіў пра неабходнасць працягваць санкцыйны і палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі. Ён адзначыў, што за час свайго існавання рэжым ужо неаднаразова выкарыстоўваў перамовы з Еўрапейскім саюзам, ішоў на нязначныя саступкі, а затым вяртаўся да ранейшай практыкі рэпрэсій.
Кнут Абрахам пагадзіўся з падыходам аб неабходнасці дамагацца пачатку дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Суразмоўцы дамовіліся аб далейшай працы па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Таксама былі абмеркаваныя магчымасці пашырэння супрацоўніцтва Каардынацыйнай рады і групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу.
Латушка праінфармаваў прадстаўніка Германіі аб маючых адбыцца выбарах у Каардынацыйную раду.
Пастаянны прадстаўнік Францыі пры Савеце Еўропы Пап Ндзьяе запэўніў, што Францыя будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, і падкрэсліў неабходнасць надаваць больш увагі сітуацыі ў краіне ў межах Савета Еўропы.
Намеснік кіраўніка АПК перадаў Ндзьяе інфармацыю аб сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і працяглых рэпрэсіях. Бакі абмеркавалі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў.
Латушка таксама падкрэсліў, што АПК звяртаецца да Францыі і іншых еўрапейскіх партнёраў з заклікам выкарыстоўваць увесь патэнцыял санкцыйнага механізму ціску на рэжым Лукашэнкі, каб прымусіць яго пайсці на рэальныя, а не касметычныя змены ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю.
Дэлегацыя беларускіх дэмсіл таксама прыняла ўдзел у сустрэчах з дэлегацыямі парламентаў Харватыі і Францыі.