Ціханоўская: ЗША паведамілі пра затрымку вызвалення новых беларускіх палітвязняў

Адміністрацыя Трампа паведаміла беларускім дэмсілам пра затрымку ў сваіх намаганнях па перакананні Аляксандра Лукашэнкі вызваліць больш палітычных зняволеных. Пра гэта лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская расказала Reuters.

Яе каментарыі сталі першым публічным пацвярджэннем запаволення тэмпаў перамоваў, якія вядзе спецыяльны пасланнік прэзідэнта Дональда Трампа Джон Коўл. Дзякуючы гэтым перамовам Лукашэнка ўжо вызваліў больш за 400 зняволеных. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў месцах пазбаўлення волі застаюцца амаль 870 чалавек, у тым ліку не менш за 170, якіх арганізацыя лічыць «асабліва ўразлівымі» праз узрост, хваробы або цяжкія ўмовы ўтрымання.

У інтэрв’ю Reuters Ціханоўская заявіла, што амерыканскі бок паведаміў ёй: «Наступныя вызваленні былі на некаторы час адкладзены», аднак яна не можа раскрыць прычыны гэтага рашэння.

«Ведаючы прычыну, гэта мяне не турбуе. Вядома, мы хочам, каб больш людзей былі вызвалены як мага хутчэй, і любая затрымка падрывае здароўе многіх з іх, — сказала яна на англійскай мове. — Але гэта не канец працэсу».

Яна ўказала на аптымістычныя каментарыі Коўла, які 3 чэрвеня напісаў у сацыяльнай сетцы X: «Мы яшчэ не скончылі. Не губляйце надзею!».

Reuters запытала каментарыі ў Коўла і ў адміністрацыі Лукашэнкі. Адказу не паступіла.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!