Скриншот трансляции
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць павялічыць падтрымку беларускіх палітвязняў і пацярпелых ад рэпрэсій. Пра гэта яна заявіла на прэс-канферэнцыі ў Вільні з вызваленымі ў снежні палітвязнямі.
Ціханоўская падзякавала амерыканскай адміністрацыі за яе намаганні ў вызваленні палітвязняў, у тым ліку прэзідэнту Дональду Трампу, спецпасланніку Джону Коўлу і іншым прадстаўнікам амерыканскага боку. Яна таксама падзякавала Еўразвязу і ўсім краінам, якія займалі прынцыповую пазіцыю ўсе гэтыя гады. Асобную падзяку яна выказала Украіне. Паводле Ціханоўскай, адпраўка палітвязняў ва Украіну стала нечаканасцю.
«Як вы ведаеце, са 123 вызваленых 87 прыбылі ў Польшчу, 2 — у Германію.
28 чалавек прыбылі ў Літву, з іх 20 — праз Украіну.
У Літву таксама былі вывезеныя 7 чалавек з замежным або падвойным грамадзянствам, і імі апякуюцца іх дзяржавы.
Вываз вялікай групы людзей праз Украіну стаў нечаканасцю, але Украіна прыняла іх з вялікай цеплынёй і аказала максімальную дапамогу. Я хачу падзякаваць украінскаму боку, перш за ўсё прэзідэнту Зяленскаму асабіста і яго Офісу, а таксама Галоўнаму ўпраўленню разведкі і асабіста Кірылу Буданаву, а таксама ўкраінскай грамадзянскай супольнасці.
Украіна, якая сама знаходзіцца ў стане вайны, прадэманстравала неймаверны ўзровень салідарнасці. Перад намі стаяла вельмі цяжкая задача перавезці вызваленых людзей на тэрыторыю Еўрапейскага саюза, дзе ўжо была падрыхтавана дапамога. І тут я хачу асобна адзначыць падтрымку Польшчы, Літвы, ЗША і, безумоўна, Украіны. Асабліва складаным гэта было таму, што 20 чалавек былі вывезеныя без усякіх дакументаў. Тут, у Літве, вызваленыя ўжо атрымалі базавую дапамогу і рыхтуюцца да працэсу легалізацыі», — сказала яна.
Ціханоўская таксама выказала падзяку беларускім арганізацыям і ініцыятывам, прадстаўнікам дэмакратычных сілаў, якія ўдзельнічалі ў прыёме былых палітвязняў ва Украіне, Польшчы і Літве.
«Асобна хачу адзначыць працу беларускіх ініцыятыў, валанцёраў, праваабаронцаў і міжнародных партнёраў — у першую чаргу Freedom House, Міжнароднага гуманітарнага фонду, “Вясны”, СДЖ, “Вольныя”, BYSOL, “Дысідэнт.by”, Беларускага дома правоў чалавека, Беларускага пашпартнага цэнтра, БАЖ, а таксама Літоўскага Чырвонага Крыжа — гэта быў наш першы досвед такой цеснай супрацы.
Дзякую Аб’яднанаму пераходнаму кабінету і Вользе Зазулінскай, якая каардынавала вялікую частку працы, а таксама Святлане Шацілінай, кіраўніцы нашай місіі ў Кіеве, якая суправаджала вызваленых да самай Вільні», — сказала яна.
«За двое сутак беларусы сабралі больш за 250 тыс. еўра дапамогі для вызваленых. Я ўражана такім узроўнем салідарнасці. Гэтыя сродкі дапамогуць забяспечыць людзей самым неабходным, але нават гэтага недастаткова. І мы звяртаемся да міжнародных партнёраў з просьбай павялічыць падтрымку дапамогі рэпрэсаваным праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускіх праваабаронцаў», — дадала Ціханоўская.