Ціханоўская заклікала ЕС захоўваць санкцыі: Дыктатары разумеюць толькі мову сілы
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 17:09
https://reform.news/be/cihano-skaja-zaklikala-es-zaho-vac-sankcyi-dyktatary-razumejuc-tolki-movu-sily/Святлана Ціханоўская 29 верасня выступіла ў Еўрапарламенце на другім Форуме парламенцкай дэмакратыі ЕС (EU Parliamentary Democracy Forum), арганізаваным прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. У форуме ўдзельнічаюць дэпутаты нацыянальных парламентаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
У сваім выступленні Ціханоўская гаварыла пра пагрозы дэмакратыі, замежнае ўмяшанне і дэзінфармацыю, ролю грамадзянскай супольнасці, падтрымку Украіны і дэмакратычных сіл Беларусі.
Лідарка беларускіх дэмсіл заклікала еўрапейскія краіны захоўваць санкцыі супраць Расіі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама працягваць падтрымліваць Украіну.
«Я ведаю, што часам узнікае спакуса дамовіцца з дыктатарамі — Пуціным, Лукашэнкам і іншымі. Але дыктатары ўспрымаюць слабасць як запрашэнне. У нас не павінна быць ілюзій. Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І дэмакратыі павінны быць гатовыя паказаць зубы.
Мы павінны захаваць санкцыі супраць Расіі і Лукашэнкі. Але адначасова з гэтым — умацоўваць грамадства. Адной толькі ваеннай сілы недастаткова. Патрэбныя людзі, гатовыя абараняць свае каштоўнасці», — заявіла Ціханоўская.
Ціханоўская заклікала еўрапейскія дэмакратыі не ўспрымаць свабоду як дадзенасць і працягваць умацоўваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя інстытуты.


