Reform.news

Ціханоўская сустрэлася з Клінтанам і Пампеа

Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 10:41

https://reform.news/be/cihano-skaja-sustrjelasja-z-klintanam-i-pampea/

На трэці дзень працы Генеральнай Асамблеі ААН Святлана Ціханоўская правяла дзясяткі сустрэч з палітычнымі лідарамі, прадстаўнікамі ўрадаў, міжнародных арганізацый і бізнесу. Сярод іх у тым ліку былі прэзідэнт Румыніі, прэм’ер-міністр Славеніі і былы прэзідэнт ЗША.

Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам абмяркоўваліся падтрымка беларусаў, вызваленне палітвязняў і месца Беларусі ў еўрапейскім парадку дня. Ён запрасіў Святлану Ціханоўскую ў Бухарэст.

З прэм’ер-міністрам Славеніі Янезам Яншам гаворка ішла пра пытанні бяспекі Беларусі і рэгіёна, залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Расіі, вызваленне палітвязняў і падтрымку вызваленых. Ціханоўская прапанавала Славеніі далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду і распрацаваць праграмы рэабілітацыі для былых палітвязняў і іх сем’яў.

На канферэнцыі Clinton Global Initiative Святлана Ціханоўская расказала пра тое, да чаго беларусы рыхтуюцца ўжо цяпер — да будучых перамен, пра інстытуты, людзей, рэформы і механізмы пераходнага перыяду.

«Дыктатуры могуць здавацца вечнымі — пакуль раптам не падаюць. Наша задача — не прадказаць дакладную дату пераменаў, а зрабіць так, каб Беларусь была да іх гатовая», — сказала яна.

Асобна Ціханоўская сустрэлася з Білам Клінтанам. Праз 32 гады пасля яго гістарычнага візіту ў Беларусь яны абмеркавалі змены, якія адбыліся за гэты час, становішча беларусаў унутры краіны і неабходнасць не губляць міжнароднай увагі да Беларусі.

З былым дзяржсакратаром Майкам Пампеа абмеркавалі ўрокі 2020 года, незалежнасць Беларусі і тое, як рэжым Лукашэнкі стаў яшчэ больш залежным ад Расіі пасля рэпрэсій.

На цырымоніі ўручэння прэміі Atlantic Council Global Citizen Awards Ціханоўская размаўляла з кіраўнікамі дзяржаў, прадстаўнікамі ўрадаў і міжнароднымі бізнесменамі пра палітвязняў, сітуацыю ў Беларусі і будучыя магчымасці для краіны.

Рэклама

Пакінуць адказ