Ціханоўская сустрэлася з камандай Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве

Святлана Ціханоўская сустрэлася з камандай Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС) у Варшаве 9 лютага. На сустрэчы прысутнічалі члены праўлення ЦБС Хелена Нядвецка і Вольга Добравольская.

На сустрэчы абмяркоўвалася роля прававога напрамку ў падтрымцы рэпрэсаваных беларусаў і тых, хто выходзіць з турмаў і вымушаны пакідаць Беларусь. Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні юрыдычнага суправаджэння, легалізацыі, міжнароднай абароны і інтэграцыі ў Польшчы, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

Былі закранутыя асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца былыя палітвязні пры пераездзе: цяжкасці са статусам і дакументамі, доступ да медыцынскай, сацыяльнай і псіхалагічнай дапамогі і адаптацыя пасля зняволення.

Ціханоўская падзякавала ЦБС за працу на працягу некалькіх гадоў і дапамогу беларусам у легалізацыі.

«Падчас сустрэчы мы абмеркавалі тое, што найбольш патрабуе сістэмных рашэнняў, і як наладзіць супрацоўніцтва дзеля яшчэ больш паслядоўнай падтрымкі былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў у Польшчы», — заявіла Ціханоўская.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!