Фото: МИД РФ
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіа ў рамках мерапрыемства АСЕАН у Маніле пацвердзіў гатоўнасць Масквы да палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання вайны з Украінай. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МЗС РФ.
Ён таксама пацвердзіў «прыхільнасць тым прапановам, якія былі вылучаныя амерыканскім бокам на сустрэчы Прэзідэнтаў У. У. Пуціна і Д. Трампа ў Анкарыджы і на якія расійскі лідар даў згоду».
Расійскае міністэрства паведамляе, што Лаўроў давёў да ведама Рубіа «інфармацыю пра рэальнае становішча спраў на лініі баявога судакранання і акцэнтаваў недапушчальнасць далейшай напампоўкі кіеўскага рэжыму ўзбраеннямі і ў цэлым дэстабілізуючай палітыкі еўрапейскіх краін, якія дагэтуль імкнуцца нанесці Расіі „стратэгічнае паражэнне“».
Бакі таксама закранулі рэгіянальную і міжнародную праблематыку, уключаючы сітуацыю ў Персідскім заліве. Яны віталі аднаўленне паўнавартасных кантактаў паміж ДК «Раскосмас» і NASA, выказаліся за развіццё міжпарламенцкіх абменаў і сувязяў у галіне культуры.
У парадку дня было і пытанне нармалізацыі ўмоў працы дыпламатычных місій дзвюх краін.
Бакі дамовіліся аб працягу кантактаў па лініі знешнепалітычных ведамстваў, у тым ліку ў рамках удзелу дзвюх краін у рабоце міжнародных арганізацый.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША пакуль не публікаваў заяў па выніках перамоў.