Ціханоўская: «Рэжым зрабіў усё, каб беларусы пачалі баяцца ўласных сімвалаў. А атрымалася наадварот»
Рэдакцыя Reform.news · 19 верасня 2026, 10:48
https://reform.news/be/cihano-skaja-rjezhym-zrabi-usjo-kab-belarusy-pachali-bajacca-lasnyh-simvala-a-atrymalasja-naadvarot/19 верасня 1991 года наша краіна афіцыйна атрымала назву Рэспубліка Беларусь, а бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі краіны. У 35-ю гадавіну гэтай даты Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што гэтыя сімвалы і сёння застаюцца важнымі для многіх беларусаў.
«Проста ўявіце: бела-чырвона-белы сцяг лунаў над дзяржаўнымі ўстановамі, а “Пагоня” ўпрыгожвала афіцыйныя дакументы. З гэтымі сімваламі Беларусь уваходзіла ў новы перыяд сваёй гісторыі», — адзначыла лідарка дэмсіл.
Яна нагадала, што пасля ўлады пачалі прыбіраць бела-чырвона-белую сімволіку з дзяржаўных будынкаў і з публічнай прасторы. Цяпер жа за выкарыстанне гэтых колераў у Беларусі людзей затрымліваюць і судзяць.
У якасці прыкладу палітык прывяла гісторыю былога палітвязня Паўла Белавуса, які пасля вызвалення расказаў, што ў калоніі яго прымусілі пазбавіцца ад татуіроўкі з бела-чырвона-белым сцягам.
«Рэжым настолькі не прымае частку нашай гісторыі, што спрабуе сцерці яе нават з чалавечага цела», — падкрэсліла яна.
«І ўсё ж сцерці не атрымалася. Я бачу наш сцяг у Варшаве і Вільні, у Кіеве і Вашынгтоне, на вялікіх маршах і маленькіх сустрэчах беларусаў. Ён едзе з намі ў чамаданах, вісіць у пакоях, трапляе на вокладкі кніг. З «Пагоняй» носяць худзі, значкі і ўпрыгажэнні. За гэтыя гады рэжым зрабіў усё, каб беларусы пачалі баяцца ўласных сімвалаў. А атрымалася наадварот: для вельмі многіх яны сталі яшчэ бліжэй», — адзначыла палітык.
Яна адзначыла асаблівую важнасць захавання памяці пра гэтую дату сярод моладзі.
“Каб яны ведалі: Беларусь не заўсёды выглядала так, як сёння. У нашай найноўшай гісторыі ўжо быў момант, калі краіна вярнула сабе сваё імя, свой сцяг і свой герб. Гісторыю можна перапісваць у падручніках. Можна здымаць сцягі з будынкаў і забараняць сімвалы. Але значэнне ім усё роўна надаюць людзі. І беларусы свой бела-чырвона-белы сцяг і сваю «Пагоню» не забылі”, — заявіла яна.
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь. У той жа дзень бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў.
У 1995 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прайшоў рэферэндум, на якім, у прыватнасці, разглядалася пытанне аб новых дзяржаўных сімвалах. Пасля рэферэндуму бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» былі замененыя сімваламі, якія нагадваюць сімволіку БССР.
Бела-чырвона-белы сцяг быў распрацаваны заснавальнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі на аснове колераў гістарычнага герба «Пагоня» (які, дарэчы, сёння прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў Беларусі) і ў 1918 годзе стаў дзяржаўным сімвалам БНР — першай спробай беларускага народа стварыць незалежную дзяржаву.
«Пагоня» з’яўлялася гербам Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), адным з яе варыянтаў з’яўляецца цяперашні герб Літвы. У пачатку 2000-х гадоў герб «Пагоня» быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Уласны сцяг БССР быў створаны толькі пасля вайны, у 1951 годзе, паводле таго ж прынцыпу, як ствараліся сцягі ўсіх савецкіх рэспублік: да чырвонага сцяга з сярпом, молатам і зоркай дадаваліся пэўныя асаблівыя нацыянальныя элементы. У выпадку БССР гэта былі зялёная паласа і арнамент. Гістарычнай асновы гэты сцяг не меў.
Таму нацыянальны рух, які ўзнік у канцы 80-х гадоў у Беларусі, узняў бела-чырвона-белы сцяг, і менавіта гэты сімвал стаў дзяржаўным, калі Беларусь атрымала незалежнасць у выніку распаду Савецкага Саюза. Але праз чатыры гады, пасля рэферэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам, краіна вярнулася да крыху змененых савецкіх сімвалаў — адзіная з усіх былых рэспублік СССР.
