Ціханоўская прывітала рашэнне МКС пачаць расследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская прывітала рашэнне пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суда пачаць расследаванне аб меркаваных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі.

«З-за дзеянняў рэжыму пацярпелі і працягваюць цярпець сотні тысяч беларусаў, а палітыка Лукашэнкі стварае пагрозы і для суседзяў Беларусі, — заявіла яна. — Гэтае рашэнне вяртае надзею: што законнасць будзе адноўлена, што вінаватыя панясуць адказнасць, а пацярпелыя атрымаюць права на праўду і справядлівасць».

Ціханоўская падзякавала Літве, якая ўзяла на сябе ініцыятыву, а таксама краінам, што падтрымалі гэты крок, Паўлу Латушку, праваабаронцам і юрыстам, якія працавалі над тым, каб гэта стала магчымым.

Канцылярыя пракурора будзе расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці: дэпартацыю і пераслед шляхам дэпартацыі любой ідэнтыфікаванай групы або супольнасці па палітычных матывах, учыненыя, меркавана, беларускімі ўладамі. Гэтыя злачынствы кваліфікуюцца па артыкулах 7(1)(d) і 7(1)(h) Рымскага статута.

Нагадаем, у верасні 2024 года Літва перадала ў МКС матэрыялы аб трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам у дачыненні да беларусаў. Літва прасіла расследаваць учыненыя ў Беларусі, якая не з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, злачынствы, указаўшы, што частка з іх была здзейснена на тэрыторыі Літвы, дзяржавы-ўдзельніцы МКС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!