Ціханоўская прыбыла на саміт ЕПС у Ерэване
Рэдакцыя Reform.news · 4 мая 2026, 09:56
https://reform.news/be/cihano-skaja-prybyla-na-samit-eps-u-erjevane/Святлана Ціханоўская прыбыла ў Ерэван, дзе праходзіць 8-мы саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
Як праінфармавалі ў Офісе Ціханоўскай, яна прыме ўдзел у мерапрыемствах саміту як запрошаная госця ад Беларусі. Таксама запланаваны яе ўдзел у канферэнцыі “Ерэванскі дыялог”, арганізаванай МЗС Арменіі. Гэта першы візіт Ціханоўскай у Арменію.
«Спадарства, я сёння ў Ерэване на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці разам з больш як 40 еўрапейскімі лідарамі прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, кіраўнікамі дзяржаў. І для мяне гэта вялікі гонар прадстаўляць Беларусь і беларускі народ. Я тут, каб гаварыць пра Беларусь, пра тое, што беларусы гэта не рэжым, што Беларусь не Расея і што мы частка Еўропы. Я буду ўздымаць пытанні бяспекі і незалежнасці Беларусі, падтрымкі Украіны і неабходнасці захавання еўрапейскага адзінства.
Мы павінны не толькі ізаляваць рэжым, але і падтрымліваць беларускі народ. Асобна я буду гаварыць пра вызваленне палітвязняў. Гэта наш галоўны прыярытэт і пра наступныя крокі, як узмацніць незалежнасць Беларусі і дамагчыся адказнасці за злачынствы рэжыму. Наша задача трымаць Беларусь у цэнтры міжнароднай увагі. І менавіта таму я сёння тут», – пракаментавала Ціханоўская.
Яна ўдзельнічае ў мерапрыемствах ЕПС ужо пяты раз. Сёння ў Ерэване сабралася кіраўніцтва ЕС, прэзідэнты Францыі, Украіны, прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі, Італіі і інш. Упершыню на саміт прыехаў кіраўнік урада Канады.
