Святлана Ціханоўская заклікала не рабіць з вяртання Анджэя Пачобута высновы, што ў Беларусі змянілася сітуацыя. Рэпрэсіі працягваюцца.
«Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. І, думаю, кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасці стаіць за гэтым рашэннем.
Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек часам можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасці і міжнароднай падтрымцы. Я вельмі рада, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома.
Але важна не рабіць з гэтага выснову, што ў краіне нешта змянілася для ўсіх. Рэпрэсіі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ. Для тых, хто мае рызыку пераследу, вяртанне па-ранейшаму можа быць небяспечным.
Гісторыя Анджэя — вельмі асаблівая. Такія людзі натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам. І сёння галоўнае — каб ён быў у бяспецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць», – заявіла Ціханоўская.
Нагадаем, сёння Gazeta Wyborcza паведаміла, што перад поўднем Анджэй Пачобут перасёк польска-беларускую мяжу. Ён збіраецца ў Гродне сустрэцца з сям’ёй і паплечнікамі па Саюзе палякаў у Беларусі. Паездка павінна працягнуцца тыдзень.
Сам Пачобут пакуль не дзяліўся ў сацыяльных сетках інфармацыяй пра сустрэчы ў Гродне.
