Ціханоўская назвала тры памылкі дэмсіл

Глава Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская на слуханнях у Каардынацыйнай радзе назвала тры памылкі дэмакратычных сіл за пяць гадоў. Яе словы прагучалі ў адказ на пытанне Аляксандра Паршанкова з фракцыі “Наша справа”.

«Я не назаву ніякіх такіх глабальных палітычных памылак, таму што мы працавалі ў вельмі абмежаванай прасторы, і ніхто ніколі не ведае, што будзе памылкай, а што не, калі ты гэта не паспрабуеш», — сказала яна.

Гаворачы пра ініцыятывы, яна назвала «План «Перамога», на які, па яе словах, ускладаліся «вельмі вялікія чаканні, якія не апраўдаліся».

“Можа, гэта было ці палітычнай памылкай, ці ўвогуле нашай грамадскай — тое, што мы, магчыма, недапрацавалі з літоўскім грамадствам. Мы ўсе так думалі, што літоўцы ўсё ведаюць, літоўцы ўсё разумеюць, і тыя наратывы, якія прасоўваюць некаторыя парламентарыі і якія ўзмацняюцца прапагандысцкімі наратывамі, не працуюць, а яны ўвесь гэты час працавалі.

І вось гэтыя “літвінізмы”, “Пагоні” — сталі такой прычынай, каб літоўцы ў Літве пачалі ставіцца да беларусаў крыху негатыўна. Мы, вядома, у свой час спрабавалі гэта выраўнаваць, праводзілі шматлікія круглыя сталы, і кансультацыі, і публічна выступалі ў медыя. Але не хапіла нашых рэсурсаў, каб змагацца з гэтай вялікай прапагандысцкай машынай», — прызнала палітык.

“І, можа, трэцяй памылкай, за якую, магчыма, не адказныя палітычныя структуры, стала тое, што ў нашым грамадскім руху некаторыя дыскусіі становяцца публічным, прашу прабачэння, “срачам».

І гэта вельмі, вельмі ўплывае на агульныя настроі, і больш увагі канцэнтруецца вакол нейкіх дробных канфліктаў паміж арганізацыямі або асобамі, і мы губляем фокус. І, вядома, я хацела б, каб мы не гублялі нашу мэту і канцэнтравалі нашу энергію не вакол спрэчак, а вакол працы», — заключыла глава АПК.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!