Ціханоўская: Мы зробім усё магчымае, каб кожны палітзняволены Беларусі выйшаў на волю

Святлана Ціханоўская павітала вызваленых беларусаў, якія прыбылі ў Варшаву і Вільнюс, і падкрэсліла, што барацьба за тых, хто застаецца ў турмах, працягваецца.

«Сёння ў Варшаве і ў Вільнюсе мы сустрэлі палітвязняў, вызваленых 13 снежня. Гэта вынік доўгай і складанай працы. Мы вельмі ўдзячныя прэзідэнту Трампу і адміністрацыі прэзідэнта ЗША за тое, што вызваленне беларускіх палітвязняў стала магчымым. Вялікі дзякуй Украіне за дапамогу і каардынацыю ў першыя дні пасля вызваленняў і прымусовай дэпартацыі.

Асобная падзяка — Літве і Польшчы за гатоўнасць дапамагчы, цёплы прыём і падтрымку беларускіх палітвязняў. Акрамя таго, хацелася б падзякаваць за выдатную працу дыпламатаў, памежнікаў, супрацоўнікаў паліцыі, якія дапамаглі арганізаваць гэтую вельмі складаную аперацыю. Мы вельмі ўдзячныя за прафесійны і зладжаны падыход да арганізацыі і каардынацыі працэсу», — прыводзіць яе словы прэс-служба Офіса.

«Вялікае шчасце бачыць на волі людзей, якія прайшлі праз турмы, ціск і выгнанне. Кожнае такое вызваленне — гэта радасць і адначасова напамін пра тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі. Мы зробім усё магчымае, каб кожны палітвязень Беларусі выйшаў на волю. Наперадзе — доўгі шлях аднаўлення, адаптацыі і вяртання да нармальнага жыцця», — дадала палітык.

З Украіны ў Вільнюс прыбыло 20 беларусаў і беларусак, якія 13 снежня былі вызваленыя і прымусова вывезеныя за межы Беларусі. Сярод іх — палітык Павел Севярынец і праваабаронца Уладзімір Лабковіч. У Вільнюсе вызваленых сустрэлі родныя, валанцёры, актывісты і прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі.

Як паведамляе Офіс Ціханоўскай, праца па эвакуацыі, сустрэчы і падтрымцы вызваленых палітвязняў стала магчымай дзякуючы сумесным намаганням шэрагу беларускіх і міжнародных ініцыятыў: дабрачыннага фонду «Краіна для жыцця», BYSOL, Праваабарончага цэнтра «Вясна», ініцыятыў Ineedhelpby, Dissidentby, асацыяцыі «Да Волі», НАУ, «Дапамога», «Вольныя», палка Каліноўскага, праекта «Хачу жыць», фонду Паўла Латушкі і многіх іншых — у каардынацыі з Місіяй дэмакратычных сіл ва Украіне, прадстаўнікамі Кабінета па сацыяльнай палітыцы і нацыянальнай бяспецы, Офісам Святланы Ціханоўскай. Значная дапамога працягвае аказвацца Літвой і Польшчай.

Дапамога вызваленым — ад медыцынскай і псіхалагічнай падтрымкі да афармлення дакументаў і часовай адаптацыі — працягваецца.

Нагадаем, 13 снежня былі вызваленыя 123 палітвязні. З іх 114 чалавек вывезлі ва Украіну. Учора яны выехалі з Украіны і ноччу прыбылі ў Варшаву. Большая частка былых палітвязняў засталася ў Польшчы, астатнія выехалі ў Літву.

Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
Фото: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!