Фото: Офис Тихановской
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі армянскай грамадзянскай супольнасці і экспертамі.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, у сустрэчы прынялі ўдзел лідары 20 арганізацый і ініцыятыў у праваабарончай, адукацыйнай сферы, экспертызе.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася, як вырашаць кейсы, калі сілавікі Лукашэнкі злоўжываюць інструментамі міждзяржаўнага вышуку. Вырашэнне гэтага пытання дазволіць зрабіць Арменію бяспечным хабам для беларускай грамадзянскай супольнасці, праводзіць сустрэчы і мерапрыемствы з удзелам беларусаў. Таксама ішла гаворка пра ўзаемадзеянне паміж адукацыйнымі і культурнымі ініцыятывамі, сумесныя праекты ў сферы медыя, навучання, абмену ведамі паміж экспертамі.
Ціханоўская падкрэсліла, што супрацоўніцтва з армянскай грамадзянскай супольнасцю неабходна для захавання і ўмацавання дружалюбных адносін паміж народамі, нягледзячы на напружаны кантэкст. Абмяркоўваліся і вынікі візіту Ціханоўскай у Арменію, а таксама нервовая рэакцыя з Мінска на яго.
«Падзеі апошніх дзён паказалі, што Арменія — неад’емная частка Еўропы. Я мару пра той дзень, калі Беларусь будзе прымаць такую колькасць еўрапейскіх і сусветных лідараў. Гаворка ідзе пра незалежнасць, пра суб’ектнасць, пра прызнанне.
Я хацела б, каб нашыя краіны больш не жылі ў цені імперыяў. Каб сталі часткай еўрапейскай сям’і нацый. Я хацела б, каб у нашых краінах выбіралі лідараў на свабодных выбарах, і тут я зайздрошчу Арменіі. Я хацела б, каб нашыя народы былі сябрамі, гандлявалі, падтрымлівалі адзін аднаго, як раней. І ніякі Лукашэнка не зможа гэта знішчыць. Наперадзе яшчэ шмат працы. Шмат барацьбы. Але я ўпэўненая, што разам мы дасягнем свабоды», – пракаментавала Ціханоўская.