Reform.news

Дональд, не цісні — Лукашэнка расказаў, як даваў парады Трампу

Рэдакцыя Reform.news · 25 лістапада 2026, 12:56

https://reform.news/be/donald-ne-cisni-lukashjenka-raskaza-jak-dava-parady-trampu/

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даваў Дональду Трампу парады аб тым, як паводзіць сябе на перамовах з Уладзімірам Пуціным. Ён таксама сцвярджае, што тэлефонная размова з Трампам у жніўні 2025 года была не першым кантактам.

Журналістка французскага часопіса Le Point Ан Ніва спытала пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Трампа ў жніўні 2025 года і заўважыла, што гэта была іх першая тэлефонная размова. Лукашэнка не пагадзіўся.

«Чаму вы лічыце, што першы раз? Гэта ў СМІ прагучала, мы выдалі гэта ў СМІ. Але гэта не значыць, што мы не мелі кантактаў з прэзідэнтам ЗША», — заявіў Лукашэнка (цытата паводле БелТА).

Лукашэнка сказаў, што размова была «працяглай». Нагадаем, раней заяўлялася, што гутарка заняла 35 хвілін. Паводле слоў Лукашэнкі, ён абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША пытанні Украіны і адносіны з Кітаем, а таксама параіў не ціснуць на Пуціна на перамовах.

«Я яму проста ад душы параіў поспехаў і сказаў: “Дональд, ты не спяшайся, размаўляючы з Пуціным”. Хоць яны ўжо вялі перамовы, я яму парэкамендаваў, як сябе паводзіць: “Дональд, не цісні на Пуціна, гэта бескарысна”. Пуцін разумее, што такое Злучаныя Штаты Амерыкі», — заявіў Лукашэнка.

«Па Кітаі Трамп закрануў пытанне, абмяркоўвалі. Не ў плане нашых адносін з Кітаем, а ў цэлым ролі Кітая. Працяглая была размова, і мы грунтоўна пагаварылі. Ён прыехаў на сустрэчу з Пуціным і яму сказаў: “Я толькі што размаўляў з тваім фанатам”», — расказаў Лукашэнка.

Нагадаем, тэлефонная размова Трампа і Лукашэнкі адбылася 15 жніўня 2025 года перад сустрэчай амерыканскага прэзідэнта з Пуціным у Анкарыджы. Лукашэнка любіць згадваць гэтую гутарку пры кожным зручным выпадку, кожны раз дадаючы новыя падрабязнасці.

Рэклама

Пакінуць адказ