Reform.news

БРЦ высветліў, хто стаіць за новым спецэкспарцёрам

Рэдакцыя Reform.news · 24 чэрвеня 2026, 10:26

https://reform.news/be/brc-vysvetli-hto-staic-za-novym-specjeksparcjoram/

Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы “Рабочага Руху” і “Кіберпартызан” высветліў, хто стаіць за новым спецыяльным экспарцёрам ЗАТ «ГрандСпецТрэйдынг».

У сакавіку гэтага года ўказам Лукашэнкі кампанія была ўключана ў пералік спецэкспарцёраў, гэта значыць атрымала права гандляваць прадукцыяй ваеннага прызначэння. Яна стала чацвёртым спецэкспарцёрам. Тры іншыя кампаніі з такім статусам — «Белзнешпрамсэрвіс», «Белспецзнештэхніка» і «БЕЛТЭХЭКСПАРТ» — працуюць яшчэ з мінулага стагоддзя.

Расследавальнікам удалося атрымаць інфармацыю пра дырэктара «ГрандСпецТрэйдынга». З сакавіка яго ўзначальвае Яўген Галоўчыц. За яго плячыма служба ў сістэме МУС, дзяржсакратарыяце Савета бяспекі, Аператыўна-аналітычным цэнтры. Апошнім часам ён працаваў намеснікам начальніка Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта. У яго, паводле даных расследавальнікаў, таксама быў пашпарт прыкрыцця на імя Яўгена Малахоўскага.

У працэс рэгістрацыі «ГрандСпецТрэйдынга» быў уцягнуты супрацоўнік адной з арганізацый Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — Аляксандр Юрачкін. Расследавальнікі лічаць яго звязаным з Віктарам Шэйманам. Юрачкін працаваў у сістэме кіравання, калі ёю кіраваў Шэйман.

За некалькі месяцаў да сыходу Шэймана з дзяржаўнай службы Юрачкін пачаў па сумяшчальніцтве працаваць у ЗАТ «Вектар Капітал Груп». Гэтая кампанія лічыцца ценявой бізнес-імперыяй Шэймана.

Журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага кліента «ГрандСпецТрэйдынга» некалькі разоў тэлефанаваў Аляксандру Юрачкіну. Падчас адной з размоў той назваў імя Уладзіміра Скулаўца, параіўшы звяртацца да яго наконт супрацоўніцтва з новым спецэкспарцёрам.

Паводле даных «Кіберпартызан», Уладзімір Скулавец служыў у Галоўным штабе УС Беларусі (цяпер — Генеральны штаб УС РБ) з 1996 па 2001 год. У «Кіберпартызан» няма дакладнай інфармацыі пра месца яго ваеннай службы ў 2001—2008 гадах, што ўскосна пацвярджае сакрэтны характар спецпадраздзялення, якім, паводле даных журналістаў, кіраваў Скулавец. Раней журналісты называлі Скулаўца «самай даверанай асобай Шэймана».

Цалкам расследаванне можна прачытаць на сайце БРЦ.

Рэклама

Пакінуць адказ