Инофграфика БРЦ
Кампаніі, звязаныя з экс-прэзідэнтам Кіпра Нікасам Анастасіядзісам, дапамагалі беларускаму бізнесмену Юрыю Чыжу абыходзіць санкцыі ЕС у пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Пра гэта расказваецца ў расследаванні, апублікаваным Беларускім расследавальніцкім цэнтрам. Яно было праведзена сумесна з кіпрскім выданнем CIReN, нямецкімі ZDF, Der Standard і Paper Trail Media, Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, пры падтрымцы «Рабочага Руху» і «Кіберпартызан».
Юрый Чыж у 2012-2015 гадах знаходзіўся пад санкцыямі, як і шэраг яго кампаній, у тым ліку СТАА «ТрайплФарм». Аднак пад абмежаванні не трапілі кіпрскія саўладальнікі «ТрайплФарм» — кампаніі Welgro Services Limited і Profax Investments Limited, якімі кіравала Imperium Nominees Limited, што належала дачцэ тагачаснага прэзідэнта Кіпра Нікаса Анастасіядзіса Эльзе і яго даўнім бізнес-партнёрам — Стасісу Лемісу і Тэафанісу Філіпу.
У расследаванні гаворыцца, што кіпрская кампанія, якой кіраваў партнёр сям’і Анастасіядзіса, разам з “кашалькамі” Лукашэнкі была ключавым звяном у шматмільярднай схеме беларускіх «растваральнікаў і разбаўляльнікаў» пачатку 2010-х гадоў.
Яшчэ адна кіпрская кампанія, звязаная з Анастасіядзісам, аплаціла адпачынак атачэння Лукашэнкі на расійскім курорце Красная Паляна. У студзені 2012 года кіпрская фірма Bertament Limited заключыла дамову з санаторыем «Беларусь» на гарналыжным курорце «Красная Паляна» на 16-дзённае пражыванне групы беларусаў.
Сярод іх былі сам Юрый Чыж, Аляксандр Шакутын, Сяргей Цяцерын, кіраўнік АНТ Грыгорый Кісель, першая настаўніца Мікалая Лукашэнкі Марыя Багамолава, а таксама протаіерэй Фёдар Поўны і іншыя. У той жа час на гэтым курорце знаходзіўся Аляксандр Лукашэнка. Ён праводзіў перамовы з тагачасным прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым.
Цалкам расследаванне можна прачытаць на сайце БРЦ: “Апасродкавана і напрамую. Як кампаніі, звязаныя з экс-прэзідэнтам Кіпра, дапамагалі Юрыю Чыжу абыходзіць еўрапейскія санкцыі”.