Скриншот видео
Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны падчас сённяшняга пасяджэння адзначылі Дзень Волі. З трыбуны ўкраінскага парламента яны пажадалі свабоды Беларусі ў дзень 108-й гадавіны абвяшчэння БНР.
“Дарагія беларусы! Вы будзеце свабоднымі. Мы гэта ведаем. БНР абавязкова пераможа БССР. Беларусь павінна быць свабоднай. Мы ва Украіне ведаем, што толькі свабодная Беларусь дасць магчымасць жыць і Украіне, і Польшчы, і Літве, і ўсяму Чарнаморскаму рэгіёну, жыць свабодна і бяспечна. Сёння Беларусь пад пятой акупанта. Дзень Волі – гэта той дзень, калі акупанта не стане. Гэта дзень смерці акупанта. І ўсе акупанты, якія сёння ёсць на ўкраінскай зямлі, якія сёння ёсць на беларускай зямлі, знікнуць, як у ўкраінскім гімне гаворыцца, “як раса на сонцы”. Так і будзе. І Беларусь, і Украіна разам будуць у свабоднай Еўропе. Слава Украіне! Жыве Беларусь!” – заявіў з трыбуны дэпутат Аляксей Ганчарэнка.
З трыбуны выступілі і іншыя ўдзельнікі аб’яднання “За дэмакратычную Беларусь” ва ўкраінскім парламенце.
Таксама дэпутаты, якія ўваходзяць у міжфракцыйнае аб’яднанне “За дэмакратычную Беларусь”, выступілі з пісьмовай заявай.
У ёй гаворыцца, што сёння Беларусь жыве ва ўмовах двайной акупацыі: з боку рэжыму Лукашэнкі і Расіі, якая ператварыла краіну ў плацдарм для знішчэння Украіны. Дэпутаты падкрэсліваюць, што згодна з нормамі міжнароднага гуманітарнага права Беларусь з’яўляецца акупаванай тэрыторыяй.
“Але ёсць і іншая Беларусь – яна змагаецца. У гэты дзень мы з асаблівай удзячнасцю схіляем галовы перад байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, якія з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання абараняюць украінскую зямлю на самых гарачых участках фронту. Яны абараняюць ідэю, дзеля якой мы ваюем: лёс народа нельга навязаць сілай – яго вызначаюць тыя, хто гатовы за яго стаяць. Іх адвага на полі бою даказвае тое, што заўсёды дэкларавалася: свабода Украіны і свабода Беларусі непадзельныя. Сапраўдная незалежнасць Беларусі будзе здабыта ў тым ліку на гэтай вайне.
Дэмакратычная змена ўлады ў Мінску – гэта пытанне бяспекі ўсяго рэгіёну. Пад кантролем Лукашэнкі паўночная мяжа Украіны застаецца пагрозлівым напрамкам”, – гаворыцца ў заяве.
Дэпутаты заклікалі прэзідэнта, парламент і ўрад Украіны разарваць дыпламатычныя адносіны з Лукашэнкам, афіцыйна прызнаць Беларусь акупаванай Расіяй тэрыторыяй, перадаць памяшканні пасольства Беларусі ў Кіеве дэмакратычным прадстаўнікам беларускага народа. Акрамя таго, яны заклікалі міжнародную супольнасць узмацніць санкцыі.