Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы лічыць, што залёт метэазондаў з Беларусі можна разглядаць як правакацыю

Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы лічыць, што залёт метэазондаў кантрабандыстаў з Беларусі можна разглядаць як правакацыю. Учора з-за іх закрывалася частка паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам.

У заяве бюро, апублікаванай вечарам у чацвер, адзначаецца, што ўжо выяўлены чатыры паветраныя шары.

«Праводзіцца аналіз ходу абодвух інцыдэнтаў, іх наступстваў і патэнцыйнай узаемасувязі. Наяўныя і правераныя даныя паказваюць на тое, што некалькі (чатыры) аб’екты, выяўленыя на дадзены момант адпаведнымі службамі ў Польшчы, ідэнтыфікаваныя як, імаверна, паветраныя шары кантрабандыстаў.

Аднак маштабнасць парушэння польскай паветранай прасторы, яго здзяйсненне ў перыяд асаблівых свят, ацэнка актыўнасці расійскіх самалётаў у Балтыйскім моры, а таксама той факт, што аналагічныя інцыдэнты нядаўна адбыліся ў Літве, могуць указваць на тое, што гэта была правакацыя, замаскаваная пад дзеянні кантрабандыстаў», — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, учора польскія вайскоўцы таксама паведамілі пра перахоп расійскага разведвальнага самалёта, які здзяйсняў палёт паблізу паветранай прасторы Польшчы над Балтыйскім морам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!