Польшча закрывала частку паветранай прасторы з-за аб’ектаў, што ляцелі з боку Беларусі

Польшча закрывала частку паветранай прасторы з-за аб’ектаў, што ляцелі з Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Аператыўным камандаванні відаў Узброеных сіл. Мяркуецца, што гэта былі паветраныя шары з кантрабандай.

«На працягу ночы былі заўважаныя аб’екты, якія ўваходзілі ў польскую паветраную прастору з боку Беларусі. Пасля дэталёвага аналізу было ўстаноўлена, што гэта, хутчэй за ўсё, паветраныя шары з кантрабандай, якія рухаліся ў адпаведнасці з напрамкам і хуткасцю ветру. Палёт усіх аб’ектаў бесперапынна адсочваўся радыёлакацыйнымі сістэмамі. У мэтах бяспекі частка паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам была часова закрытая для грамадзянскага руху», — гаворыцца ў паведамленні.

Паліцыя і Памежная ахова пакуль не інфармавалі пра выяўленне метэазондаў з кантрабандай.

Таксама ў камандаванні паведамілі, што сёння раніцай над міжнароднымі водамі Балтыйскага мора польскія знішчальнікі перахапілі, ідэнтыфікавалі і суправаджалі расійскі разведвальны самалёт, які здзяйсняў палёт паблізу мяжы польскай паветранай прасторы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!