Правозащитник Алесь Беляцкий. Фото: Алиса Гончар
Беларускі праваабарончы цэнтр “Вясна” пракаментаваў рашэнне Вярхоўнага суда Расіі, які 9 красавіка прызнаў рух «Мемарыял» «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць.
Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі назваў рашэнне абсурдным і звярнуў увагу на тое, што яно было вынесена ў рэкордныя тэрміны на закрытым пасяджэнні па позве Міністэрства юстыцыі — на падставе абвінавачанняў, не вядомых ні абвінавачаным, ні грамадскасці.
“Пры гэтым было абвешчана, што прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй улады хочуць неіснуючы «Міжнародны грамадскі рух Мемарыял”.
Вярхоўны суд пастанавіў, што «дзейнасць руху носіць экстрэмісцкі характар і ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, забеспячэнню цэласнасці і бяспекі РФ, накіравана на нівеліраванне гістарычных, культурных, духоўных і маральных каштоўнасцей, распальванне сацыяльнай і рэлігійнай варожасці».
Існуюць самыя розныя арганізацыі з назвай „Мемарыял“, з самымі рознымі напрамкамі — якія займаюцца гісторыяй савецкіх рэпрэсій, абаронай правоў чалавека, супрацьстаяннем розным формам дыскрымінацыі. Гэта мноства самастойных арганізацый з рознымі мандатамі, метадамі працы і людзьмі. Але відавочна, што памылкі няма. Улады ўжо выкарыстоўвалі гэтую зручную фармулёўку неіснуючых «міжнародных грамадскіх рухаў» для забароны шырокага кола непажаданых ім з’яў: “ЛГБТ”, «Антырасійскага сепаратысцкага руху», – падкрэсліваецца ў заяве.
Бяляцкі правёў паралель з Беларуссю: у жніўні 2023 года сама “Вясна” была прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем па рашэнні беларускага МУС. Паводле яго слоў, дыктатуры ўзаемна пераймаюць рэпрэсіўныя практыкі, аднак атакі ўладаў не спынілі працу арганізацыі.
“Мы выказваем салідарнасць з найстарэйшай праваабарончай арганізацыяй Расіі і заклікаем нашых расійскіх калег узмацніць праваабарончую працу па абароне правоў чалавека ў Расіі”, – заявіў кіраўнік “Вясны”.
Нагадаем, «Мемарыял» быў створаны ў мінулым стагоддзі для даследавання палітычных рэпрэсій у СССР. Таксама рух ставіў сваёй мэтай садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, прававой свядомасці грамадзян і дэмакратычнай прававой дзяржавы, каб не дапусціць вяртання да таталітарызму, дапамогу ў папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцей і зацвярджэнні правоў асобы, увекавечанне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і аднаўленне гістарычнай праўды.