Фото: pixabay
Бешанковіцкі раён вырашыў абмежаваць продаж алкаголю ў дні апошніх званкоў і выпускных. Адпаведнае рашэнне камітэта №1528 ад 20 лістапада сёння апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.
“Абмежаваць на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна час продажу спіртавых напояў (гарэлкі, лікёрна-гарэлачных вырабаў, віна, каньяку, брэндзі, кальвадаса, шампанскага і іншых напояў з аб’ёмнай доляй этанолу 7 і больш працэнтаў), за выключэннем рознічнага гандлю ў гандлёвых аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў, з 08.00 да 23.00 у дні правядзення ўрачыстых лінеек з нагоды заканчэння і пачатку навучальнага года і выпускных вечароў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, — гаворыцца ў тэксце дакумента.
Абмежаванні не распаўсюджваюцца на продаж алкаголю для правядзення рытуальных, юбілейных або вясельных мерапрыемстваў.
Традыцыя абмяжоўваць продаж алкаголю ў дні правядзення апошніх званкоў і выпускных існуе ў Беларусі даўно. Звычайна рашэнні прымаюцца на ўзроўні рай- і гарвыканкамаў штогод. У іх указваюцца канкрэтныя даты. Аднак у Бешанковіцкім раёне гэтым разам абралі “універсальнае” рашэнне, якое будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове.