BELPOL распавёў пра схемы разлікаў наяўнымі за прадукцыю МЗКТ

Ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL апублікавала расследаванне, прысвечанае схемам разлікаў наяўнымі пры пастаўках прадукцыі МЗКТ, які знаходзіцца пад санкцыямі. Гаворка ідзе пра супрацоўніцтва з ААЭ.

МЗКТ пастаўляе Міністэрству абароны Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў цягачы для перавозкі танкаў, запасныя часткі і аказвае паслугі па навучанні ваенных спецыялістаў.

Кантракт выконваецца праз пасярэдніка Al Badie Trading Establishment. Паводле інфармацыі BELPOL, прадстаўнік МЗКТ прыязджае ў ААЭ і атрымлівае грошы наяўнымі ад заказчыка. Далей сродкі перадаюцца ў Генконсульства Беларусі ў Дубаі, дзе іх афармляюць як дыпламатычны груз, і ўжо ў такой якасці грошы перавозяць у краіну. Як правіла, за грашыма ездзіць намесніца гендырэктара па камерцыйных пытаннях Кацярына Сташук.

BELPOL прадэманстраваў дзве даверанасці на яе за подпісам дырэктара МЗКТ, якія дазваляюць прымаць наяўныя грошы і падпісваць акты прыёму-перадачы работ. Расследавальнікі паказалі заданне на камандзіроўку, дзе сярод мэтаў указана “забор валютнай выручкі адзіным даступным у бягучых умовах спосабам”, а таксама “афармленне і перадача ў устаноўленым парадку дыпламатычнага грузу”.

Другая схема працуе яшчэ прасцей. Пакупніка просяць прывезці грошы ў Беларусь. Сродкі перавозяцца ў чамадане. Іх перадача адбываецца ў VIP-зоне аэрапорта. Далей грошы суправаджаюцца да банка.

У BELPOL сцвярджаюць, што грошы перадаюцца без належнай праверкі, частка банкнот аказваецца пашкоджанай, бруднай або не прымаецца банкамі. Паказана ліст-запрашэнне эмірацкай кампаніі з прапановай прывезці ў Мінск сродкі па кантракце. Таксама сілавікі прадэманстравалі дакументы, якія пацвярджаюць, што банк у Беларусі не прыняў па адной аперацыі 2000 долараў, а таксама ўзяў 858 долараў камісіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!